Абіраем кандыдата на Птушку 2019 года

Кандыдаты на Птушку 2019

Грамадская арганізацыя “Ахова птушак Бацькаўшчыны” абвяшчае галасаванне, у якім прапануе абраць птушку, што пазмагаецца за званне крылатага сімвала 2019 года. Далучыцца да галасавання на сайце ptushki.org, якое працягнецца да 25 студзеня, можа кожны.

Птушка года будзе абірацца 27 студзеня на з’ездзе АПБ з трох кандытатаў, два з якіх вылучаюць Цэнтральны савет і сакратарыят АПБ (сёлета гэта вялікі арлец і чайка-рыбачка), а трэцяга вызначае анлайн-галасаванне.

Якая з беларускіх птушак пазмагаецца за званне крылатага сімвала 2019 года? Кожны можа аддаць свой голас аднаму дзюбатаму абранніку.

Прапануе некалькі птушак для галасавання. У спіс увайшлі ластаўка-зямлянка, сівая жаўна і качка-крыжанка.

Чаму менавіта гэтыя кандыдаты? Адказвае спецыяліст па прыродаахоўных пытаннях АПБ Максім Нямчынаў:

На «Птушку года» найчасцей намінуюцца віды, якія патрабуюць асаблівай увагі і неадкладных дзеянняў (напрыклад, вялікі арлец, што знаходзіцца пад пагрозай глабальнага знікнення), і лёгка пазнавальныя віды (напрыклад, чайка-рыбачка ці ластаўка-зямлянка), чыя колькасць скарачаецца, але чые праблемы застаюцца незаўважанымі праз іх распаўсюджанасць. Дарэчы, ёсць крытэрыі, пад якія пажадана, каб падыходзіў кожны кандыдат.

Можна дадаць і свой варыянт кандыдатуры да гэтага спісу. Але важна ведаць: тыя віды, якія ўжо былі Птушкай года раней, не могуць быць намінантамі.

Выбары інтэрэт-кандыдатаў скончацца 25 студзеня ў 24.00. Птушка, за якую прагаласуе большасць, будзе нароўні з двума іншымі змагацца за званне Птушкі 2019 года на ХХІ З’ездзе АПБ, які адбудзецца 27 студзеня ў Мінску. Напрыклад, летась сярод трох кандыдатаў менавіта шчыгел, які і стаў птушкай 2018 года, быў прапанаваны інтэрнаўтамі.

Птушкі мінулых гадоў

Даведка: нацыянальную кампанію «Птушка года» АПБ праводзіць з 2000 г. Галоўная мэта кампаніі – прыцягнуць увагу насельніцтва да хараства прыроды і птушак, што жывуць вакол нас, да неабходнасці іх захавання. Акцыі ў межах кампаніі ладзяцца цягам усяго года і даюць магчымасць вялікай колькасці людзей розных узростаў далучыцца да творчых конкурсаў і прыродаахоўных мерапрыемстваў.

Даведка АПБ: Грамадская арганізацыя «Ахова птушак Бацькаўшчыны» (АПБ) — найбуйнейшая прыродаахоўная грамадская арганізацыя Беларусі і нацыянальны партнёр міжнароднай сеткі прыродаахоўных арганізацый «BirdLifeInternational». АПБ — гэта больш за 3000 сябраў і прыхільнікаў, 120 школьных клубаў і 14 мясцовых аддзяленняў па ўсёй краіне. Арганізацыя працуе дзеля захавання біяразнастайнасці і далучэння насельніцтва да прыродаахоўнай дзейнасці. Толькі разам мы зможам захаваць дзікую прыроду нашай краіны – далучайцеся і вы!

 

Похожие записи

Верх