Школы, дзе знаёмяць з птушкамі, адкрываюцца ў рэгіёнах

mallard-3138261_960_720

Гэтай вясной грамадская арганізацыя “Ахова птушак Бацькаўшчыны” (АПБ) ладзіць у гарадах Гомельскай і Брэсцкай абласцей Школы бёрдвочара – бясплатныя курсы, якія пазнаёмяць самых цікаўных з сотняй відаў птушак.

Бёрдвочар – гэта той, хто любіць назіраць за птушкамі ў дзікай прыродзе. Бёрдвочынг ужо даўно зрабіўся адным з самых папулярных хобі ў многіх краінах.

Вельмі цікава адкрываць для сябе новыя віды птушак, сачыць за іх паводзінамі і атрымліваць асалоду ад назірання за імі – і рабіць гэта можна нават у гарадах. Толькі ў Мінску можна пабачыць каля 200 відаў птушак!

Хочаш даведацца, якія птушкі пяюць у кустах, ці баліць у дзятла галава, якая сава носіць штаны, а якія птушкі маюць зачосы?  Запісвайся ў Школу бёрдвочара ў сваім горадзе – і хутка ты ўбачыш, як многа самых розных птушак вакол цябе.

Брэст, Кобрын, Камянец, Баранавічы, Бяроза, Пружаны, Гомель, Тураў і Мазыр чакаюць сваіх вучняў-птушкароў!

Заяўкі прымаюцца ад людзей з 18 гадоў, незалежна ад адукацыі і прафесіі.

Школа складаецца з васьмі заняткаў у класе і двух практычных птушыных экскурсій, якія пройдуць у выходныя.

Кожны выпускнік Школы бёрдвочара атрымае вызначальнік птушак.

Каб запісацца ў Школу, абяры горад з пералічаных вышэй, раскажы, чаму табе цікава ўдзельнічаць і дашлі свае кантакты на электронны адрас salavei@ptushki.org.

Школы пачнуць заняткі ў сакавіку-красавіку. Запісацца пажадана на працягу лютага: колькасць месцаў абмежаваная. Заняткі бясплатныя.

Назіранні за птушкамі – гэта збліжэнне з прыродай,якое дорыць радасць і здароўе. Далучайся да ініцыятывы – і будзь здаровы разам з птушкамі!

 

Даведка: Школа бёрдвочара ладзіцца ў межах ініцыятывы “Будзь здаровы з птушкамі!”, якую АПБ правядзе сёлета ў 10 раённых цэнтрах Гомельскай і Брэсцкай абласцей. Ініцыятыва рэалізуецца ў межах праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі “Прафілактыка неінфекцыйных захворванняў, прасоўванне здаровага ладу жыцця і падтрымка мадэрнізацыі сістэмы аховы здароўя ў Рэспубліцы Беларусь” (“БЕЛМЕД”), які фінансуецца Еўрапейскім Саюзам і рэалізуецца ПРААН, СААЗ, ЮНІСЕФ і ЮНФПА у парнёрстве з Міністэрствам аховы здароўя Рэспублікі Беларусь.

Грамадская арганізацыя «Ахова птушак Бацькаўшчыны» (АПБ)— найбуйнейшая прыродаахоўная грамадская арганізацыя Беларусі і з 2005 года — нацыянальны партнёр глабальнай прыродаахоўнай асацыяцыі «BirdLife International», у якую ўваходзяць арганізацыі са 113 краін. АПБ — гэта больш за 2500 сябраў, валанцёраў і прыхільнікаў, 100 школьных клубаў і 14 мясцовых аддзяленняў па ўсёй краіне. Арганізацыя працуе дзеля захавання біяразнастайнасці і далучэння насельніцтва да актыўнай аховы прыроды. Толькі разам мы зможам захаваць дзікую прыроду нашай краіны — далучайся і ты!

Кантактыарганізацыі: г. Мінск, вул. Парніковaя 11, офіс 4.

(+375 17) 369 76 13, (+375 29) 223 06 13, (+375 29) 101 68 87

info@ptushki.org

Похожие записи

Верх