Колькі качак зімавала ў Беларусі?

duck-3194063_960_720

Ужо растаюць снег і лёд на вадаёмах, птушкі пачалі вяртацца да нас з выраю – ідзе вясна. Але некаторыя птушкі нават не адляталі ў цёплыя краіны, а заставаліся ў нас зімаваць. Штогод у Беларусі праходзіць “перапіс” вадаплаўных птушак на зімоўцы. У студзені падчас улікаў налічылі 24897 птушак 27 відаў.

У студзені ў многіх краінах свету традыцыйна праходзяць зімовыя улікі вадаплаўных і каляводных птушак. У гэты час птушкі канцэнтруюцца і іх можна больш-менш дакаладна палічыць і даведацца, у якім стане знаходзяцца розныя віды і папуляцыі. У Беларусі ўлікі ладзіць грамадская арганізацыя “Ахова птушак Бацькаўшчыны” разам з НПЦ па біярэсурсах НАН Беларусі, да акцыі звычайна далучаюца дзясяткі валанцёраў.

Рэдкасці на зімоўцы

Мы заклікалі ўсіх выйсці да найбліжэйшых незамерзлых вадаёмаў: рэчак, азёраў, ставоў – і пералічыць птушак. Такая птушыная прагулянка вельмі цікавая, а да таго ж дапамагае вучоным і прыродаахоўнікам сабраць патрэбную інфармацыю. Многім хочацца ўгледзець які-небудзь рэдкі від, і некаторым пашанцавала пабачыць зімародка, вялікую белую чаплю або вялікую коўру.

А самымі цікавымі рэдкасцямі сёлета сталі невялічкі кулічок стучок на Гродзеншчыне і марская чайка пасярэдзіне Мінска на Свіслачы.

Лідар жа па колькасці на зімоўцы ў нас пастаянны – гэта качка-крыжанка.

Лідары зімоўкі

Максім Нямчынаў, супрацоўнік АПБ:

“Мы бачым, што сёлета ў параўнанні з мінулым годам лебедзяў на зімоўцы налічылі больш. Па-першае, надвор’е мінулай зімой было раўнейшае, таму ў лебедзяў было больш месцаў зімовак. І некаторыя з гэтых месцаў маглі проста не трапіць пад улік. А ў гэтую зіму да сярэдзіны студзеня было шмат незамерзлай вады, але потым пачаліся маразы, і гэта прымусіла птушак згуртавацца на адкрытых участках вады. Па-другое, сёлета падчас улікаў быў шырэйшы ахоп вадаёмаў, у тым ліку і месцаў зімовак лебедзяў. Вельмі добра, што колькасць удзельнікаў зімовых улікаў вадаплаўных, як і кропак назірання, расце: чым больш анкет мы збярэм, тым больш грунтоўныя вынікі атрымаюцца. Тады птушкі, якія вандруюць паміж зімавальнымі вадаёмамі, не ўхіляцца ад перапісу!”

Дзе было найбольш птушак на зімоўцы? Самымі багатымі як па колькасці, так і па відавым  багацці сталі вадаёмы Мінска і Мінскага раёна, дзе  адзначылі 17 відаў. Усяго на гэтых вадаёмах улічылі 7576 птушак. Другое па велічыні скопішча — вадаём-ахаладжальнік ЦЭЦ-5 у Пухавіцкім раёне: тут на адным вадаёме налічылі 5327 асобін чатырох відаў.  А па відавым багацці на другім месцы апынулася возера Лукомльскае: тут налічылі 14 відаў (1326 птушак).

Дзякуй удзельнікам зімовых улікаў!

Да кампаніі па ўліках вадаплаўных далучыўся 231 чалавек. Мы атрымалі 80 анкет ад 43 аўтараў.        

 

 

Даведка: міжнародныя ўлікі водна-балотных птушак пачаліся 52 гады таму. Гэта адна з найдаўнейшых праграм маніторынгу біяразнастайнасці ў свеце. Зімовыя ўлікі вадаплаўных і каляводных птушак праводзяцца на амаль 5 мільёнах кв.км. (прыкладна палова плошчы Еўропы!). Яны дазваляюць  дейпланаваць дзеянні па захаванні каля 900 відаў птушак..

Грамадская арганізацыя «Ахова птушак Бацькаўшчыны» (АПБ) — найбуйнейшая прыродаахоўная грамадская арганізацыя Беларусі і з 2005 года — нацыянальны партнёр глабальнай прыродаахоўнай асацыяцыі «BirdLife International», у якую ўваходзяць арганізацыі са 121 краіны. АПБ — гэта больш за 2500 сябраў, валанцёраў і прыхільнікаў, 100 школьных клубаў і 14 мясцовых аддзяленняў па ўсёй краіне. Арганізацыя працуе дзеля захавання біяразнастайнасці і далучэння насельніцтва да актыўнай аховы прыроды. Толькі разам мы зможам захаваць дзікую прыроду нашай краіны — далучайся і ты!

Похожие записи

Верх