У цэнтры Гомеля з’явіўся мурал з дваццаццю птушкамі

Screenshot_2

АПБ падарыла Гомелю інтэрактыўны мурал “Знайдзі 20 птушак!” Яго намалявалі на сцяне школы ў цэнтры горада.

Так мы хочам папулярызаваць сярод гараджан бёрдвочынг — назіранне за птушкамі.

 

Птушыны мурал месціцца на сцяне сярэдняй школы № 27 на алеі Гомельскага палацава-паркавага ансамбля.

Сюжэт малюнка прымушае спыніцца і знайсці ўсіх птушак: хтосьці ляціць у небе, хтосьці прысеў на галінку, а хтосьці — на руку дзяўчыны-бёрдвочаркі. А яшчэ цікавей шукаць птушак у дзікай прыродзе — нібыта кажа выява.

Бёрдвочынг – карыснае для здароўя хобі. Прагулкі на свежым паветры трэніруюць сэрца і мышцы, пошукі птушак у кронах дрэваў ці ў небе служаць гімнастыкай для зроку, а вызначэнне відаў птушак развівае разумовыя здольнасці.

Эскіз мурала падрыхтаваў мастак Алесь Благій, а намаляваў птушыную кампазіцыю на сцяне школы мастак з Пінска Яўген Сасюра. Вучні школы з цікаўнасцю назіралі за яго працай і спрабавалі вызначыць птушак.

Граффити в Гомеле

Паспрабуй знайсці на мурале ўсіх намаляваных птушак! Вось яны: свіргуль, вушатая сава, сойка, шчыгел, каўка, сарока, папаўзень, валасяніца-белашыйка, вялікі дзяцел, жоўтагаловы каралёк, кралька, звычайная стрынатка, шпак, сіняя сініца, чубатая сініца, гіль, авяльга, дрозд-спявун, малінаўка, чыж.

АПБ дзякуе адміністрацыі Цэнтральнага раёна Гомеля і Упраўленню архітэктуры і горадабудаўніцтва Гомельскага гарвыканкама за дапамогу і спрыянне ў рэалізацыі праекта.

Мурал – частка ініцыятывы “Будзь здаровы з птушкамі!”, якую АПБ рэалізуе ў межах праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі “Прафілактыка неінфекцыйных захворванняў, прасоўванне здаровага ладу жыцця і падтрымка мадэрнізацыі сістэмы аховы здароўя ў Рэспубліцы Беларусь” (“БЕЛМЕД”), які фінансуецца Еўрапейскім Саюзам і рэалізуецца ПРААН, СААЗ, ЮНІСЕФ і ЮНФПА у парнёрстве з Міністэрствам аховы здароўя Рэспублікі Беларусь.

Крынiца

Похожие записи

Верх