Намінанты прэміі “Чэмпіёны грамадзянскай супольнасьці”

ЧГС_В

Сёлета Прэмія, якую заснавала Асамблея НДА, уручаецца адзінаццаты раз.

Па традыцыі пераможцы вызначаюцца па выніках супольнага падліку галасоў, пададзеных за намінантаў, сябрамі Рабочай групы Асамблеі, а таксама спэцыяльна запрошанымі экспэртамі зь ліку лідэраў і лідэрак НДА, мінулагодніх пераможцаў прэміі, а таксама журналістаў. У журы ўваходзіць 149 чалавек.

 

ЧГС_СМ

 

Грамадзкі лідэр / грамадзкая лідэрка году

Уручаецца за ўнёсак у разьвіцьцё грамадзянскай супольнасьці Беларусі ў бягучым годзе. Улічваюцца ўплыў на грамадзкі сэктар, аўтарытэт і дасягненьні.

Сьвятлана Гатальская, адна з лідэрак руху «Маршыруй, дзетка!», які прасоўвае прыняцьцё закону аб супрацьдзеяньні хатняму гвалту. Сьвятлана таксама вядомая ў экалягічных колах, дзякуючы адкрыцьцю крамы без упакоўкі zerro.by. http://bit.ly/35t2CwU, http://bit.ly/2LYAUjN 

Алена Масьлюкова, лідэрка ініцыятывы супраць запуску заводу па вытворчасьці бялёнай цэлюлёзы ў Сьветлагорску. Актыўна прасоўвае пытаньні экалягічных правоў жыхароў свайго гораду і імкнецца кансалідаваць дзейнасьць падобных ініцыятываў на нацыянальным узроўні. http://bit.ly/2rOFcDE 

Ганна Севярынец, пэдагог, дасьледніца, публіцыстка. Ініцыюе грамадзкія дыскусіі, якія датычаць адукацыі, грамадзянскай адказнасьці бацькоў і настаўнікаў, асэнсаваньня досьведу таталітарызму, вяртаньня ў грамадзкую сьвядомасьць несправядліва забытых імёнаў. http://bit.ly/2PLPQmB    

Марыя Сума, каардынатарка праектаў Цэнтру экалягічных рашэньняў. Папулярызуе тэму “без адкідаў” у грамадзтве, праводзіць майстар-клясы і лекцыі. Рэалізуе ўласныя і падтрымлівае чужыя праекты ў сфэры ўстойлівага спажываньня і экалёгіі. http://bit.ly/2LVwFFC 

Яўген Шэўка, старшыня Рэспубліканскай асацыяцыі інвалідаў-вазочнікаў, пасьлядоўна займаецца пытаньнямі інтэграцыі людзей з інваліднасьцю і ўвядзеньня безбар’ернага асяродзьдзя. Дзеля прасоўваньня сацыяльнай павесткі выкарыстоўваў, у тым ліку, парлямэнцкую кампанію. http://bit.ly/36AwKXl   

Кампанія году

Уручаецца ініцыятарам і/або прадстаўнікам найбольш значнай агульнанацыянальнай кампаніі, праведзенай НДА ў бягучым годзе. Улічваецца важнасьць паднятай тэмы, маштаб кампаніі, дасягнутыя вынікі, а таксама розгалас у мэдыя.

Кампанія «Маршыруй, дзетка!». Кампанія за прыняцьцё закону аб супрацьдзеяньні хатняму гвалту. Пад пэтыцыяй, створанай у межах кампаніі, сабрана болей за 4300 подпісаў. У межах кампаніі таксама ладзяцца дыскусіі, спэктаклі, мастацкія акцыі і акцыі салідарнасьці. https://bit.ly/35wJ6Qi 

Кампанія «Маці 328″. Дамаглася частковых зьменаў у Крымінальны кодэкс па “наркатычным” артыкуле. Удзельніцы кампаніі – маці асуджаных – выявілі надзвычайную настойлівасьць і мужнасьць у дасягненьні мэтаў: пікетавалі парлямэнт, трымалі галадоўку, сустракаліся з вышэйшымі чыноўнікамі. Маці 328 працягваюць сваю дзейнасьць па лібэралізацыі заканадаўства. http://bit.ly/2LYBVZ9 

Кампанія «Моладзь.бел». Ініцыятыва моладзевых арганізацыяў, створаная дзеля актуалізацыі пытаньняў, важных для моладзі. У тым ліку, безперапыннасьць адукацыі (вяртаньне адтэрміновак ад воінскай службы), адмена прымусовага разьмеркаваньня, празрыстасьць работы дзяржаўных органаў ды інш. http://bit.ly/38G3KiO 

Кампанія па ўшанаваньні паўстанцаў 1863-1864 году ў Вільні. Дзякуючы намаганьням Беларускага грамадзкага камітэта ўшанаваньня памяці паўстанцаў, іншых ініцыятываў ды СМІ, тысячы беларусаў салідарна і заўважна ўзялі ўдзел у цырымоніі перапахаваньня Кастуся Каліноўскага і яго паплечнікаў. http://bit.ly/2LYBcan  

Кампанія супраць будаўніцтва Берасьцейскага акумулятарнага заводу. Самая працяглая ў гісторыі незалежнай Беларусі акцыя пратэсту. Актывісты кампаніі выявілі парушэньні пры будаўніцтве заводу і дамагліся прыпыненьня яго дзейнасьці, кіраўніцтва завода апынулася за кратамі. http://bit.ly/34pBQ7p, http://bit.ly/2LWOdBu 

Кампанія «Сьвежы вецер». Ставіць сваёй мэтай спыненьне любых спробаў гандлю сувэрэнітэтам. Гэта шырокая ініцыятыва для мабілізацыі грамадзянаў, якая зьбірае сваіх прыхільнікаў на плятформе Канстытуцыя.бел, каб людзі адкрыта выказаліся ў падтрымку незалежнасьці. http://bit.ly/2Ei0L20, http://bit.ly/2RUal33 

Кампанія «Ўмовы для мовы». Дзякуючы кампаніі больш за 10 дзяржаўных установаў зрабілі беларускую вэрсію сайту, шыльды ў некаторых гарадах зьмянілі на беларускамоўныя, БелЧыгунка ўвяла беларускую мову ў мабільным дадатку і электронных квітках. Каманда пастаянна накіроўвае звароты, якія абараняюць мову, у розныя інстанцыі. http://bit.ly/2YQzqxj  

Новая ініцыятыва

Уручаецца прадстаўнікам новай грамадзянскай ініцыятывы, якая найбольш праявіла сябе ў бягучым годзе. Улічваецца актуальнасьць абранага кірунку дзейнасьці і важнасьць ініцыятывы для мэтавай аўдыторыі.

«Больш цела». Адна зь першых ініцыятываў, якая займаецца пытаньнямі бодзіпазытыву і разладу харчовых паводзінаў. Пачалі сваю дзейнасьць улетку 2019 г., за палову году зладзілі лекцыі ў рэгіёнах, правялі летнік, падрыхтавалі шэраг інфармацыйных матэрыялаў. http://bit.ly/2Ppl9EK 

Кааліцыя “За годнае даўгалецьце”. Кааліцыя аб’яднала 8 арганізацыяў з розных гарадоў Беларусі. Мэта – разам распрацаваць Нацыянальную стратэгію актыўнага даўгалецьця. http://bit.ly/2PmCUVa 

«Маладыя Людзі+». Ініцыятыва створаная, каб узмацніць голас моладзі зь ВІЧ+ статусам і супрацьдзейнічаць іх дыскрымінацыі. Удзельнікі і ўдзельніцы ініцыятывы дзеляцца ўласным досьведам і падымаюць важныя для іх пытаньні. https://bit.ly/2Erk5di 

«Новыя рэгіёны». Ініцыятыва аб’яднала жаданьне разьвіваць родны рэгіён — горад Магілёў. Праводзяць у Магілёве розныя івэнты (лекцыі, кінапаказы, гульнятэкі, воркшопы і г.д.), накіраваныя на працу з уразьлівымі групамі, у прыватнасьці, з ЛГБТК+ людзьмі. Івэнты зьвязаныя з гендэрнай ідэнтычнасьцю і сэксуальнасьцю, інклюзіяй, фэмінізмам, псыхатэрапіяй, правамі чалавека, экалёгіяй ды інш. http://bit.ly/2Po0AZd 

Адукацыйна-асьветніцкая пляцоўка “Тэрыторыя правоў”. Сумесная ініцыятыва Беларускага дому правоў чалавека і Праваабарончага цэнтру “Вясна”, якая бясплатна прадастаўляе памяшканьне для правядзеньня івэнтаў грамадзкім арганізацыям. За першы год працы на пляцоўцы было праведзена больш за 170 івэнтаў, у якіх паўдзельнічала больш за 2700 чалавек. http://bit.ly/2EmvMlk, http://bit.ly/2RUf8l7  

Smart_tech_minsk. Экалягічна-тэхналягічная ініцыятыва, актывісты якой зрабілі 3D-друкарку для пераапрацоўкі ПЭТ у модульную вулічную мэблю. http://bit.ly/2EqHonj 

Школа бясьпекі для жанчынаў Women’s Safety. Школа прапаноўвае жанчынам праз адмысловыя відэа-ўрокі і курсы асэнсаваць свае межы, дыягназаваць слабыя бакі і навучыцца іх адстойваць. http://bit.ly/2Eh5roX, http://bit.ly/2LY8OW9   

 

Мэдыяактыўнасьць году

Уручаецца найбольш прыкметнаму ў бягучым годзе мэдыя няўрадавай арганізацыі ці ініцыятывы (сайту / блогу / суполцы ў сацыяльнай сетцы / іншаму мэдыярэсурсу). Улічваюцца ахоп і ангажаванасьць аўдыторыі, арыгінальнасьць кантэнту, абнаўляльнасьць, зручнасьць падачы інфармацыі, карысьць для мэтавай аўдыторыі і прамоцыі грамадзкай дзейнасьці ў Беларусі.

Тэлеграм-канал «Варушыся». Бясплатныя стажыроўкі і трэнінгі, магчымасьці фармальнай і нефармальнай адукацыі. 3400 падпісчыкаў, @odboffice. http://bit.ly/2PnCGNr 

«Мэдыярашэбнік»: Як пісаць пра розных людзей. Школа журналістаў IBB cупольна з праваабарончымі арганізацыямі выдалі дапаможнік для журналістаў, які распавядае, як карэктна пісаць пра ўразьлівыя групы. Дапаможнік апублікаваны ў выглядзе электроннага інтэрактыўнага рэсурсу. Ён будзе карысны журналістам, якія імкнуцца да павышэньня свайго прафэсійнага ўзроўню ў асьвятленьні сацыяльных тэмаў, кіруючыся нормамі журналісцкай этыкі. http://bit.ly/34q09lq 

Інстаграм-шоў «МоваЧэлендж». Першае інстаграм-шоў па-беларуску. Падчас шоў у герояў быў месяц, каб пачаць размаўляць па-беларуску, і з кожным заданьнем яны ўсё болей выкарыстоўвалі беларускую мову у сваім жыцьці. Шоў трансьлявалася ў фармаце сторыз у інстаграме @artsiadziba, а таксама на старонках удзельнікаў. http://bit.ly/35qbMub, http://bit.ly/35l03Nk 

Андрэй Павук і youtube-канал «Рудабельская паказуха». Падымае вострыя пытаньні мясцовага жыцьця ў крэатыўнай і дасьціпнай форме. Сёлета папулярнасьць каналу імкліва вырасла — на яго падпісана 13000 чал. http://bit.ly/2EhaTIi, http://bit.ly/2PlKIqd  

«Студэнцкая Думка». Адроджаны часопіс з 2019 цалкам перайшоў у лічбавы фармат, здолеў прыцягнуць 3-тысячную аўдыторыю, зрабіць вялікі ўнёсак у асьвятленьне праблемаў студэнцтва. СД пасьпяхова праводзіць школу журналістыкі для студэнтаў, якая генэруе маладых ды ініцыятыўных журналістаў для грамадзкага сэктару. http://bit.ly/35nLM2l   

Сайт mspring.online, Магілёў. Часопіс пра чалавека і яго правы. Папулярны рэгіянальны праваабарончы сайт, які асьвятляе праблематыку правоў чалавека ў рэгіёне. На сайце публікуюцца важныя навіны, абвесткі, відэа і падкасты. http://bit.ly/2qU3QSN 

Талака году

Уручаецца за найбольш пасьпяховае далучэньне да грамадзкай актыўнасьці людзей праз краўдфандынг, супольныя акцыі, валянтэрства і іншыя формы дзейнасьці. Улічваецца колькасьць удзельнікаў, важнасьць тэматыкі, дасягнутыя вынікі і трываласьць далучанасьці да грамадзкай дзейнасьці.

Дзень волі-2019 і БНР101, Горадня. Сьвята ладзілася дзякуючы сумесным высілкам грамадзкіх актывістаў і фінансавай падтрымцы грамадзянаў, якія сабралі каля 30 000 рублёў. http://bit.ly/38G6nkG 

Краўдфандынгавая пляцоўка MolaMola. Пляцоўка зрабіла фандрайзынг яшчэ больш даступным. Новы мэханізм дазваляе зьбіраць грошы на розныя мэты наўпрост на картку аўтара ініцыятывы; інфармацыю пра кампанію можна разьмясьціць за 15 хвілінаў. На сёньня плятформай карыстаюцца больш за 650 кампаніяў. http://bit.ly/38JdxEA, http://bit.ly/2POY7Gd  

Праваабаронцы за свабодныя выбары. Кампанія правяла назіраньне за выбарамі ў Палату прадстаўнікоў, у якое было заангажавана больш за 200 валянтэраў. Вынікі кампаніі былі высока ацэненыя міжнароднай місіяй назіральнікаў. http://bit.ly/34oPl7g 

«Пазнач беларускую мову роднай». Напярэдадні перапісу насельніцтва адразу некалькі грамадзкіх арганізацыяў, творчых зьвязаў, культурных установаў і СМІ выступілі з заклікам выбіраць роднай мовай беларускую (кампанія „Беларускамоўныя“, звароты артыстаў Купалаўскага і Вялікага тэатраў ды інш). http://bit.ly/2svr6XA 

Талака на Вайсковых могілках у Менску. Аб’ядноўвае грамадзкіх актывістаў, гісторыкаў, культуролягаў, родзічаў пахаваных. Ініцыятыва дала плён — сёлета татальная зачыстка помніка прыпынілася і падштурхнула ініцыятыўных людзей па ўсёй Беларусі прэвэнтыўна заняцца лёсам гістарычных могілак (Кальварыі, Усходніх, пінскіх, лідзкіх і г. д.) Ініцыятыва пачала навукова-юрыдычную распрацоўку канцэпцыяў мэмарыялізацыі памятных нэкропаляў. http://bit.ly/35nMm01 

Фэст «Кілямэтар грамадзянскай актыўнасьці». Сабраў больш за 1000 чалавек, якія цікавяцца экалягічнымі, прававымі, культурніцкімі, адукацыйнымі ды іншымі тэмамі. Падчас фэсту адбыліся дзясяткі розных падзеяў: лекцыі, дыскусіі, майстар-клясы, прэзэнтацыі НДА, Жывая бібліятэка, Фры-маркет, музычны канцэрт, выступы паэтаў, экскурсіі ды інш. Фэст стаўся магчымым дзякуючы супрацоўніцтву 40 НДА. http://bit.ly/2RT6Vh6, https://bit.ly/34q2Kfr 

Idea Generation Camp. Сем НДА супольна арганізавалі творчую прастору з насычанай праграмай: дасьведчаныя экспэрты і экспэрткі, лекцыі, актыўнасьці і вялікі мазгавы штурм. У межах падзеі прайшоў конкурс, 10 ідэяў-пераможцаў атрымалі падтрымку на рэалізацыю. У Idea Generation Camp прынялі ўдзел 150 чалавек. https://bit.ly/2sE0WC0 

Рэгіянальная падзея

Уручаецца ініцыятарам найбольш значных для лякальных супольнасьцяў грамадзкіх акцыяў / кампаніяў / падзеяў як па-за сталіцай Беларусі, гэтак і ў Менску. Улічваецца маштаб падзеі, дасягнутыя вынікі і розгалас у агульнанацыянальным маштабе.

Праект “Інклюзіўны барыста”. Праект Сашы Аўдзевіча па навучаньні інвалідаў-вазочнікаў навыкам барыста. З гэтым праектам Саша праехаў па рэгіёнах Беларусі. Мэта праекта – дапамагчы інвалідам-вазочнікам з працаўладкаваньнем, адкрыць асабістую кавярню. http://bit.ly/2tjwcqp, http://bit.ly/2sy5QjX 

Валянтэрскі летнік “Кантакт”. БМГА “Час Зямлі” правяло міжнародны валянтэрскі летнік, мастацкую рэзыдэнцыю і фэстываль у Белавескай пушчы. http://bit.ly/36EgnZY 

Гарадзкі фэстываль “Прышчэпка” ў Маладэчне. Грамадзкая ініцыятыва, накіраваная на тое, каб горад быў сучасны і цікавы. У фэсьце, які арганізавалі жыхары гораду, прынялі ўдзел 300 чалавек, для якіх адначасова працавалі некалькі пляцовак: майстар-клясы, лекцыі, гульні, фізычныя актыўнасьці і канцэрт. http://bit.ly/2qTa7hx 

Кампанія супраць заводу бялёнай цэлюлёзы ў Сьветлагорску. Ініцыятыва дасягнула агульнанацыянальнага розгаласу і прызнаньня ўладамі праблемы. Барацьба супраць парушэньня нормаў аховы асяродзьдзя працягваецца. http://bit.ly/34ls2va 

“Пляцоўка сацыяльных актыўнасьцяў” на фэсьце VIVA BRASLAV-2019. Адзінаццаць НДА прэзэнтавалі разнастайнасьць грамадзкага сэктару ўдзельнікам фэстываля праз арганізацыю тэматычных інтэрактыўных спотаў. Пляцоўку наведалі больш за 800 чалавек. http://bit.ly/2LYdNWK 

Помнік Гедзіміну ў Лідзе. Важная падзея ў жыцьці гораду і ўсёй краіны. Помнік быў пастаўлены за кошт пазабюджэтных і спонсарскіх сродкаў. http://bit.ly/2Ehed6e, http://bit.ly/2YWjYQj   

Партнэрства году

Уручаецца за салідарныя дзеяньні і рэалізацыю найлепшай ініцыятывы, якая аб’яднала партнэраў з розных сфэраў і сэктараў на карысьць грамадзянскай супольнасьці. Улічваецца колькасьць партнэраў і сацыяльная важнасьць увасобленых імі імпрэзаў або кампаніяў.

Будаўніцтва дзіцячай пляцоўкі ў Барысаве. Барысаўскае НДА «Правінцыя» ў партнэрстве з вытворцамі соку «Сочный» і Тэрытарыяльным цэнтрам сацыяльнага абслугоўваньня насельніцтва ўсталявалі дзіцячую пляцоўку. http://bit.ly/2Eh9zVY, http://bit.ly/35qUY63 

Вандроўная кнігарня. Праект рэалізаваны кнігарняй «Логвінаў» у супрацоўніцтве з ПЭН-цэнтрам і Беларускім калегіюмам дзеля пашырэньня сучаснай беларускай літаратуры і іншаземнай літаратуры па-беларуску ў малых гарадах, мястэчках і вёсках. Праект натхнёны амэрыканскай традыцыяй перасоўных бібліятэк, якія сталі сёньня неад’емнай часткай сусьветнай кніжнай культуры. http://bit.ly/2qTBBDM, http://bit.ly/35mHTLi 

Усталяваньне помніка Алесю Адамовічу ў Глушы. Грамадзянская супольнасьць ініцыявала і сабрала сродкі. Праект падрыхтаваў скульптар Гэнік Лойка, падтрымала дачка пісьменьніка Галіна Адамовіч, а мясцовая ўлада вылучыла годнае месца для помніка і дапамагла з арганізацыяй урачыстасьці. http://bit.ly/2szdWsD, http://bit.ly/2RSbxE2   

Вагон крэатону. Крэатон — мерапрыемства, дзе рэклямісты, дызайнэры і мэнэджэры зьбіраюцца, каб цягам 24 гадзінаў генэраваць ідэі для праектаў. Юбілейны пяты Крэатон правялі незвычайна – выкупілі цэлы вагон цягніка Менск-Горадня-Менск, каб 60 чалавек маглі крэатывіць для грамадзкага сэктару ў далечыні ад цывілізацыі ды інтэрнэту. http://bit.ly/2ElaNzC 

Школа «Draw&Save». Экалягічная школа ілюстрацыі, у якой не выкарыстоўваецца папера, рэалізаваная пры падтрымцы кампаніі Apple. Напрыканцы навучаньня кожны з вучняў пад кіраўніцтвам мэнтараў рэалізуе свой праект: стварэньне візуалу для абранага дабрачыннага або некамэрцыйнага праекта. http://bit.ly/2RVmRze 

Форум “ALL Inclusive”. У межах Форуму ўдзельнікі змаглі даведацца пра вынікі дасьледаваньня стаўленьня журналістаў/-ак і грамадзкіх актывістаў/-ак да розных уразьлівых групаў, пазнаёміцца з падыходам, заснаваным на правах чалавека, абмеркаваць інклюзію ў бізнэсе, падумаць пра важнасьць скразных каштоўнасьцяў, разабрацца ў тым, што такое інклюзіўны асяродак і як яго ствараць. У “Коле інклюзіўных практык” 11 сьпікераў і сьпікерак дзяліліся сваімі ведамі і досьведам інклюзіі. http://bit.ly/36EtVok9, http://bit.ly/2LZgabT 

Першы фэстываль IBB JubiläumsFest. Ладзіўся ў гонар 25-годзьдзя Міжнароднага адукацыйнага цэнтру IBB у Менску. На адзін дзень будынак бясплатна быў цалкам перададзены для імпрэзаў грамадзкіх ініцыятываў: на 8 паралельных пляцоўках адбылося больш за 50 імпрэзаў. http://bit.ly/2PoPaoc, http://bit.ly/36HFdbn  

Крэатыў году

Уручаецца ініцыятарам найбольш яскравай і крэатыўнай грамадзкай акцыі / кампаніі / падзеі. Улічваецца нестандартны падыход да актуалізацыі грамадзка значнай тэмы.

«Арт-інтэрвэнцыя». Акцыя супраць хатняга гвалту над жанчынамі, якую зладзіла ў цэнтры Менску ініцыятыва «Маршыруй, дзетка». З дапамогай 36 пар аранжавага абутку яны перадалі актуальнасьць і важнасьць пытаньня супрацьдзеяньня хатняму гвалту ў грамадзтве. http://bit.ly/2RJKeM2 

“Волю кажанам!”. Кажанаполіс выпускае рукакрылых. Нестандартная прыродаахоўная асьветніцкая акцыя, якая ламае людзкія стэрэатыпы і стала гарадзкой і сямейнай падзеяй. http://bit.ly/2PpQiIj  

Казка пра Дэклярацыю правоў чалавека. Як працуе Дэклярацыя правоў чалавека і ці працуе, ведаюць нямногія. Група энтузіястаў пад кіраўніцтвам ПЦ «Вясна» разабрала Дэклярацыю на эльфах, а таксама праверыла яе актуальнасьць. Каб усім дарослым было больш зразумела, разбор прыняў форму казкі. http://bit.ly/38FNfmF 

Першая беларуская “манстрацыя”. Валянтэры “Вясны” ў Менску зладзілі публічную акцыю ў новым фармаце. Удзельнікі трымалі плякаты зь вясёлымі абсурднымі лёзунгамі кшалту “Пролетарии всех стран, увольняйтесь”, “Никогда такого не было, и вот опять”, “Дзякуй, непрыемна”, “Ой, все” і г.д. Такім чынам быў апрабаваны новы закон правядзеньня масавых акцыяў. http://bit.ly/2to7gyh  

Першы праваабарончы сэрыял пра міліцыю “Сьцяпаныч”. Правы чалавека ў Беларусі па-ранейшаму застаюцца вострым пытаньнем. Грамадзкія арганізацыі «Прававая ініцыятыва» і «Дзея» вырашылі крэатыўна падыйсьці да гэтай праблемы і зьнялі цэлы сэрыял у жанры трагіфарсу. http://bit.ly/2LXOd4i 

reBrest. Мабільнае прыкладаньне — гід па архітэктурнай спадчыне Берасьця. Cтрачаныя архітэктурныя помнікі ажываюць з дапамогай тэхналёгіі даданай рэчаіснасьці.  Маштабныя 3D мадэлі будынкаў старога Берасьця можна разглядаць у любым зручным месцы, а пры жаданьні прыкладаньне дапаможа знайсьці і пабачыць аб’ект у поўную велічыню, дакладна там дзе ён некалі месьціўся. Праект краўдфанд-кафэ «Грунтоўня». http://bit.ly/2En1L4Q, http://bit.ly/2RQLugJ  

“Гарбуз” году

Уручаецца за нэгатыўныя дзеяньні ў дачыненьні да арганізацыяў грамадзянскай супольнасьці ды іх прадстаўнікоў.

Апраўданьне зносу памятных крыжоў у Курапатах і перасьледу абаронцаў мэмарыялу. Дэпутат Палаты прадстаўнікоў і гісторык Ігар Марзалюк назваў знос памятных крыжоў, пастаўленых грамадзкімі актывістамі ў Курапатах, «упарадкаваньнем» і апраўдаў перасьлед абаронцаў курапацкага мэмарыялу. http://bit.ly/2Q13B11  

Адмова ў правядзеньні Маршу супраць хатняга гвалту. Менскі гарадзкі выканаўчы камітэт адмовіў у правядзеньні Маршу супраць хатняга гвалту з-за таго, што гэта нібыта «можа стварыць перашкоды жыхарам і гасьцям сталіцы». http://bit.ly/36z0Om0  

Позва ў суд за пэтыцыю. Нацыянальны аэрапорт Менск падаў позву ў Эканамічны суд з-за разьмешчанай на сайце пэтыцыі «Аб зьняцьці абмежаваньня на колькасьць бясплатных заездаў у аэрапорт для легальных перавозчыкаў». Прадстаўнікі аэрапорту палічылі, што яна зьмяшчае не адпаведныя рэчаіснасьці зьвесткі і хацелі дамагчыся выдаленьня пэтыцыі. http://bit.ly/2LXjtjw 

Увядзеньне неабгрунтавана высокіх коштаў за аплату паслуг міліцыі пры правядзеньні мірных сходаў. Савет Міністраў сваёй пастановай зацьвердзіў завышаныя кошты, якія фактычна прыпынілі правядзеньне дазволеных масавых мерапрыемстваў у Беларусі. http://bit.ly/2EmOdXf  

Узбуджэньне крымінальнай справы за рэпост кліпа Rammstein. У 2019 годзе Гарадзенскі міжраённы аддзел Сьледчага камітэту ўзбудзіў крымінальную справу за рэпост кліпа Rammstein, які быў зроблены ў 2014 годзе. http://bit.ly/2Pqrxvi, http://bit.ly/2RViSmA  

Журналіст / журналістка году

Уручаецца рэдакцыі, журналісту/журналістцы, блогеру/блогерцы за найбольш грунтоўнае і рознабаковае асьвятленьне грамадзкай дзейнасьці на сваім інфармацыйным рэсурсе. Улічваецца адкрытасьць да супрацоўніцтва з НДА і асьвятленьне тэмаў, актуальных для няўрадавага сэктару.

Раман Васюковіч. Журналіст «Эўрарадыё». За перадачу «Тры апазыцыянэры, два чыноўнікі» пра грамадзкіх актывістаў у рэгіёнах Беларусі. https://bit.ly/35lfwNC 

Сьвятлана Калінкіна. Галоўная рэдактарка «Беларускага партызану». За адстойваньне дэмакратычных свабодаў у беларускім грамадзтве. http://bit.ly/38IuvD6, http://bit.ly/2S8NwZu  

Рубрыка “Натхняльнікі” часопіса CityDog. Распавядае пра актыўнасьці сталых людзей, якія натхняюць на грамадзка актыўную пазыцыю беларусаў і беларусак. http://bit.ly/2RYdwqv 

Маша Пархімчык. Журналістка і рэдактарка анлайн-часопісу 34mag.net. За актыўнае супрацоўніцтва з НДА. http://bit.ly/34web5h 

Дзіяна Серадзюк. Вядзе рубрыку «Грамадзтва“ у «Новым Часе». Сыстэмна асьвятляе вострыя грамадзкія сытуацыі і канфлікты, у тым ліку, вакол Курапатаў і Вайсковых могілак, якія мабілізуюць грамадзтва, праблемы барацьбы за моўныя правы і інш. http://bit.ly/2swfO5q  

Серж Харытонаў. Карэспандэнт выданьня «Настоящее время». Актыўны ня толькі як журналіст, але і часта супрацоўнічае з грамадзкім сэктарам як сьпікер-мадэратар-вядучы зьмястоўных мерапрыемстваў. http://bit.ly/2rOhfwc 

Похожие записи

Верх