Буслы і першыя ластаўкі вярнуліся ў Беларусь!

stork-3363503_1280

Падобна, што самая вясновая краіна сёння – гэта Беларусь: менавіта тут адзначана на сёння больш за ўсё назіранняў птушак-вестуноў “Жывой вясны”. Усяго у розных краінах адзначана 500 такіх назіранняў. Першымі вясну на сваіх крылах нясуць нам белыя буслы. Грамадская арганізацыя “Ахова птушак Бацькаўшчыны” (АПБ) ужо атрымала 281 паведамленне пра іх вяртанне ў Беларусь. Назіранняў вясковых ластавак пакуль яшчэ вельмі мала, так што калі вы іх бачылі, але не паспелі дадаць назіранне, то цяпер самы час!

Бусел прыляцеў. Фота з Вясновага блога, Брэсцкая вобласць.

Бусел на гняздзе. Фота Сяргея Марынiча. Мiнская вобласць

Палёт бусла. Фота Святланы Альшэўскай

Самага першага бусла заўважылі ў Брэсцкай вобласці яшчэ 18 лютага. На сёння гэтыя птушкі адзначаныя ва ўсіх абласцях Беларусі.

«Першых буслоў мы ўбачылі на перапынку з акна школы. Яны былі за 300 метраў ад нас, на двух слупах электраліній. Каля ручая знаходзіцца два гнязды, і ў адным з іх стаялі, размахваючы крыламі, як бы размінаючыся, буслы. Дзеці былі ў захапленні!» – расказвае Святлана Альшэўская з Брэсцкай вобласці ў блогу “Жывой вясны 2020”.

На тэрыторыі нашай краіны вызначаюць тры віды ластавак: гарадскую, вясковую і ластаўку-зямлянку. Птушкамі “Жывой вясны” лічацца два апошнія.

20 сакавіка ўжо адзначаны прылёт першай вясковай ластаўкі, — кажа спецыяліст АПБ па прыродаахоўных пытаннях Сямён Левы. — Птушку ўбачылі Марына і Андрэй Абрамчукі на поўдні Маларыцкага раёна. Гэта вельмі рана. Звычайна яны вяртаюцца з Афрыкі ў красавіку. Халоднае надвор’е ў апошнія дні, верагодна, прымусіла першую ластаўку адляцець далей на поўдзень. Для харчавання ластаўкам патрэбныя насякомыя, якія лётаюць. Пакуль іх няшмат.”

Вясковая ластаўка. Фота Т. Раманавай

Акрамя вясковых ластавак, у першай палове красавіка павінны прыляцець зязюлі. Астатніх птушак-вестуноў вясны чакаем пазней: у пачатку траўня вернуцца ластаўкі-зямлянкі і свіргулі, у канцы траўня — шчуркі-пчалаедкі.

Складанне вясновай карты – адна з асноўных актыўнасцяў “Жывой вясны”. Чым больш назіранняў на карце – тым больш інтэнсіўным колерам зафарбаваная краіна. На карце можна пабачыць дынаміку таго, як птушкі нясуць нам вясну.

Як дадаваць назіранне?

Раскажы дзеткам, што мы чакаем буслоў, ластавак і іншых вестуноў вясны, каб яны паведамілі табе, калі ўбачаць першую птушку. Павіншуй класнага чэмпіёна/ку, якія першыя ўбачылі бусла ці іншую птушку. Занясі гэтае назіранне зручным для сябе спосабам:

Зладзь экскурсію з дзеткамі да першага гнязда бусла, занятага птушкамі ў вёсцы ці горадзе сёлета, таксама занясі гэтае назіранне на сайт ці ў сацсеткі.

Прачытаць апісанне птушак і паслухаць іх галасы можна на сайце АПБ або ў мабільным вызначальніку Ptushki.

Таксама ў межах кампаніі ў розных краінах ладзіцца шмат экскурсій і назіранняў за птушкамі, прэзентацыі і экалагічныя гульні ў школах. Ты можаш далучыцца да мерапрыемстваў свайго рэгіёна ці арганізаваць уласнае!

Кампанія праходзіць сёлета пад тэмай “Як быць добрым птушкаром?” Публікуй свае адказы на гэтае пытанне ў сацсетках з хэштэгам #жываявясна2020!

Далучайся да вясновых назіранняў за прыродай і птушкамі разам з «Жывой вясной»!

Кампанія «Жывая вясна» ажыццяўляецца дзякуючы падтрымцы HeidelbergCement.

 

Ахова птушак Бацькаўшчыны

Похожие записи

Верх