Ляляк – птушка 2021 года ў Беларусі

tree-387040_1280

Грамадская арганізацыя “Ахова птушак Бацькаўшчыны” (АПБ) абвясціла птушку 2021 года: на змену глушцу ляціць ляляк.

Як выбіраецца птушка года? 

Птушку года абіраюць сябры АПБ галасаваннем на З’ездзе арганізацыі, які праходзіць у пачатку года. Кожны сябра атрымлівае бюлетэнь з птушкамі-кандыдатамі, адна з якіх прапанаваная Цэнтральным саветам АПБ, другая – Сакратарыятам арганізацыі, а трэцяя абраная адкрытым анлайн-галасаваннем на сайце АПБ.

Гэтым разам у анлайн-галасаванні лідарамі сталі адразу дзве птушкі – ляляк і сініца-апалонік. Іх прыхільнікі запусцілі цэлую перадвыбарчую кампанію на сваіх старонках у сацсетках і Telegram, і ў выніку абодва віды атрымалі права “балатавацца” на званне птушкі года. Таму на З’ездзе АПБ 8 лютага 2020 года кандыдатаў на птушку года было не тры, як звычайна, а чатыры! Акрамя іх, у выбарах балатавалася стрынатка-чаротаўка і звычайная туркаўка.

На З’ездзе былі яшчэ раз прадстаўленыя ўсе кандыдаты. Пасля таемнага галасавання З’езду ўсе бюлетэні былі запячатаныя ў папку. Каб захаваць інтрыгу да канца года, падлік галасоў прайшоў у канцы лета. А цяпер прыйшоў час абвясціць пераможцу галасавання: год глушца заканчваецца, і трэба рыхтавацца да сустрэчы новага крылатага сімвала!

 Калі вы хочаце паўплываць на выбар наступнай птушкі года, далучайцеся да АПБ і ўдзельнічайце ў галасаванні на штогадовым З’ездзе. У пачатку наступнага года сябры арганізацыі змогуць аддаць галасы за птушку 2022 года. 

Што ж гэта за птушка — ляляк?

Звычайны ляляк (рус. Козодой обыкновенный) – адзіны прадстаўнік атраду лялякападобных у Беларусі. А ўсяго ў свеце — каля 120 відаў з гэтага атраду. Руская назва, як і ў многіх іншых еўрапейскі мовах, — калька з лаціны. Яно паказвае на сувязь гэтага віду з пашамі і свойскай жывёлай, вакол якой птушкі лавілі насякомых.

Сямён Левы, спецыяліст АПБ па прыродаахоўных пытаннях:

- Пакуль ляляку не пагражае знікненне, але ў нас ёсць толькі ацэнка колькасці ў Беларусі 1997 года: 35 000 —  50 000 пар на гнездаванні. Нярэдкія выбадкі гібелі ад аўтамабіляў, бо лелякі чамусьці любяць адпачываць на лясных дарогах. Гэтай праблемай мы хацелі б заняцца ў наступным годзе ў першую чаргу. Акрамя таго, як і ўсе птушкі, якія гняздуюцца на зямлі, лелякі пакутуюць ад знішчэння гнёздаў наземнымі драпежнікамі. 

Ляляк памерам з голуба, з даўжэйшымі крыламі і хвастом. Даўжыня цела да 29 см, размах крылаў да 64 см. Вага не перавышае 100 г. 

Убачыць леляка ў дзікай прыродзе — вялікая ўдача, і не толькі таму, што ён актыўны толькі ў прыцемках і ноччу. Гэтая птушка — майстар маскіроўкі, яго апярэнне практычна зліваецца з колерам лясной падсцілкі ці кары дрэва. Прыжмурыўшы свае вялікія вочы, птушка становіцца днём незаўважнай як для чалавека, так і для птушак-драпежнікаў. Кароткія пальцы не прыстасаваныя для абхоплівання галін, і ляляк, напэўна, адзіны від у нас, які сядае ўздоўж галіны!

Ляляк мае ўнікальную дзюбу. Закрытай яна выглядае вельмі маленькаю. Але варта птушцы адкрыць яе, як мы ўбачым незвычайна шырокі рот. Разам з раснічастым пер’ем па краях дзюбы, гэта не толькі выдатнае прыстасаванне для лоўлі на ляту жукоў і начных матылькоў, але сродак запалохвання ворагаў.

Ляляк не турбуе сябе будаўніцтвам гнязда. Кладку з двух яек самка робіць адразу на лясной падсцілцы, часцей за ўсё ў сасновым лесе. Пра прысутнасць леляка можна даведацца па яго працяглай манатоннай трэлі, якая нагадвае тарахценне матацыкла.

На зімоўку ў верасні нашыя лелякі адлятаюць у Паўднёвую Афрыку, а вяртаюцца толькі ў канцы красавіка. 

Нацыянальную кампанію “Птушка года” АПБ праводзіць з 2000 года, каб прыцягнуць увагу людзей да дзікіх птушак Беларусі іх праблемаў і неабходнасці захавання тых месцаў, дзе яны жывуць. Увесь наступны год будуць праходзіць мерапрыемствы, прысвечаныя глушцу, да якіх змогуць далучыцца дарослыя і дзеці. 

Калі ў вас ёсць карысныя ідэі і прапановы, якія можна ажыццявіць у межах кампаніі, дасылайце іх, калі ласка, на паштовую скрыню каардынатара кампаніі ptushki.org@gmail.com.

У мінулыя гады сімваламі Беларусі былі: белы бусел, белая пліска, авяльга, дамавы верабей, гарадская ластаўка, барадатая кугакаўка, кнігаўка, салавей, вялікая белая чапля, шэрая гусь, сокал-пустальга, вялікі кулён, чорны свіргуль, удод, звычайная зязюля, вушатая сава, жаўрук-смяцюх, шчыгел, вялікі арлец, глушэц.

Грамадская арганізацыя «Ахова птушак Бацькаўшчыны» (АПБ) — найбуйнейшая прыродаахоўная грамадская арганізацыя Беларусі і з 2005 года — нацыянальны партнёр глабальнай прыродаахоўнай асацыяцыі «BirdLife International», у якую ўваходзяць арганізацыі са 115 краін. АПБ — гэта тысячы сябраў, валанцёраў і прыхільнікаў, больш за 130 школьных клубаў і 14 мясцовых аддзяленняў па ўсёй краіне. Арганізацыя працуе дзеля захавання біяразнастайнасці і далучэння насельніцтва да актыўнай аховы прыроды. Толькі разам мы зможам захаваць дзікую прыроду нашай краіны — далучайся і ты!

 

 

Похожие записи

Верх