Чацвёртую зіму запар сайт “Птушкі штодня” прапануе ўнікальную для нашай краіны магчымасць – утульна седзячы ў цёплай хаце, офісе ці на перапынку ва ўніверсітэце, назіраць за зімовым жыццём дзікай прыроды.
Спасылка на анлайн-сталоўку: https://birdwatch.by/stalouka-2021
Гэтым разам у жывым эфіры з ваколіц невялічкай пушчанскай вёсачцы Вугляны можна назіраць не толькі птушак, але і звяроў! Якраз тут праходзіць звярыны пераход паміж невялічкім нізінным балотцам і лесам, ды і чародкі вераб’іных часцяком карыстаюцца гэтым калідорам.
Вадзім Пракапчук, сябра грамадскай арганізацыі “Ахова птушак Бацькаўшчыны” (АПБ) ад самага яе заснавання і гаспадар аграэкасядзібы “Вугляны”, з якой ладзіцца стрым, кажа:
- Спадзяемся, што ў кадры пакажуцца казулі, зайцы, лісы, а магчыма, і нехта іншы. Ужо ў першы дзень трансляцыі тут “адзначыліся” вялікія і сінія сініцы, сойкі. А ўвогуле, разлічваем больш чым на два дзясяткі відаў птушак, як і летась.
На кармушку ўжо завіталі і канюх-мышалоў, крумкач ды сарока, паласавацца рабінамі прылятаў чорны дрозд.
Сапраўдная зіма яшчэ наперадзе, таму і птушак, якія прылятаюць пад’есці на сталоўку, будзе больш. Хаця цікавыя ўзаемаадносіны паміж рознымі відамі можна назіраць ужо цяпер.
- Наша камера працуе 24 гадзіны на суткі, і птушак можна глядзець удзень, а звяроў, хутчэй за ўсё, уначы дзякуючы спецыяльнай падсветцы. Аднак важна разумець, што гэта не заапарк, і хто і калі прыляціць ці прыбяжыць на сталоўку, мы не ведаем. Мы, як і раней, будзем выкладваць самыя цікавыя відэа і тлумачыць, хто на іх і, магчыма, што і чаму робіць. Але кожны зарэгістраваны на сайце глядач можа не толькі задаваць пытанні пра зімоўку нашых дзікіх суседзяў, але і выкладваць скрыншоты і відэа са сталоўкі ў каментарах самастойна. Я шчыра ўдзячны даўнім сябрам АПБ Вадзіму Пракапчуку і Аляксандру Мінічу, а таксама нашаму пастаяннаму партнёру, інтэрнет-правайдэру Элнет з Брэста за забеспячэнне магчымасці на працягу зімы пабыць бліжэй да пушчанскай прыроды. — гаворыць рэдактар сайта “Птушкі штодня” Дзмітры Вінчэўскі.
ВІДЭА З ПАЛЁЎКАЙ: https://youtu.be/_TsgqT4qEsE
Цікавых анлайн-назіранняў!