Лебедзі не зляцелі ў вырай? Усё ў парадку!

З надыходам маразоў у грамадскую арганізацыю “Ахова птушак Бацькаўшчыны” (АПБ) часта звяртаюцца людзі, якія перажываюць за лебедзяў, што засталіся зімаваць у Беларусі. Спецыялісты тлумачаць, чаму птушкі не злятаюць у вырай.

Для птушак не столькі страшны холад, колькі голад. Пёры абараняюць ад маразоў вельмі добра, лапы і дзюба ў птушак не мерзнуць, а ў вадаплаўных да таго ж тоўсты слой тлушчу.

Мяккія і маласнежныя зімы, якія назіраюцца ў апошнія гады ў Беларусі, дазваляюць лебядзям лёгка знайсці незацягнуты лёдам вадаём або падсілкавацца на палях. Штогод у Беларусі зімуюць сотні белых грацыёзных птушак. У пошуках лепшага месца лебедзі могуць пералятаць за дзень нават сотні кіламетраў. Таму перажываць за вадаплаўных птушак не трэба: холад ім не страшны, а корм сабе яны знойдуць самі. Лебедзі-шыпуны – звычайныя птушкі, не ўключаныя ў Чырвоную кнігу, але як і іншыя птушкі — знаходзяцца пад аховай дзяржавы.

Анастасія Пярко, спецыяліст АПБ па экалагічнай адукацыі:

- Падкормліваць вадаплаўных птушак у цэлым непажадана, лебедзі – не выключэнне. Натуральнае харчаванне лебедзяў – падводная расліннасць. Нядобра, калі прычытана таго, што птушкі застаюцца – гэта падкормка людзьмі. Калі на дварэ трымаецца моцны мароз, штучная падкормка змяншаецца ў разы: нікому не хочацца выходзіць з дому ў такое надвор’е. лебедзі, якія звыклі да дапамогі людзей, рызыкуюць загінуць. Другі бок медаля – тое, што праз такую “дапамогу” выпадкаў, калі птушкі застаюцца зімаваць, робіцца больш, і мы не можам прадказаць, як гэта паўплывае на папуляцыю ў цэлым.

Падкормка будзе дарэчы толькі ў маразы з тэмпературай ніжэй за мінус 15 градусаў. Але не давайце птушкам хлеб і батон. Такі корм дае адчуванне сытасці, але не дае дастатковай энергіі і вітамінаў. Падкарміць лебедзяў і качак можна аўсянымі шматкамі ці крыху адваранымі аўсянымі крупамі, ячменем або пшаніцай або дробна парэзанай свежай гароднінай (морква, буракі, капуста).

Часам людзей турбуе тое, што лебедзі сядзяць нерухома на лёдзе, не рэагуюць на людзей. Такія паводзіны птушак тлумачацца проста: яны не прымерзлі да лёду, а проста берагуць энергію. Не трэба спрабаваць прагнаць або злавіць птушку, гэта для яе лішні стрэс, ды і для чалавека можа быць небяспечна: лебедзь — моцная птушка і можа нават зламаць крылом руку.

Дапамога патрэбная толькі тым аслабленым птушкам, якія відавочна спрабуюць, але не могуць зрушыць з месца; птушкі на беразе, якіх можна злавіць, у якіх выразна відаць пашкоджанне: напрыклад, птушка кульгае, валачэ крыло або заглынула кручок і ў яе з дзюбы вісіць лёска. Каб выратаваць такую птушку, паведаміць пра яе ў тэрытарыяльныя органы МінпрыродыМіністэрства па надзвычайных справах або міліцыю.

Калі вам вядомыя выпадкі палявання на лебедзяў — тэлефануйце на гарачую лінію Дзяржаўнай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету.

Калі вы ўбачылі лебедзя з жоўтай дзюбай – гэта хутчэй за ўсё лебедзь-клікун, які ўжо 20 гадоў як таксама гняздуе ў Беларусі.

На нагах у лебедзяў могуць быць металічныя кольцы, а на шыі пластыкавы жоўты ашыйнік з літарамі і лічбамі. Гэта птушкі, памечаныя арнітолагамі, якія вывучаюць перамяшчэнні птушак. У Беларусі адзначаны лебедзі амаль з 10 краін Еўропы. Ашыйнік птушцы не замінае, нават калі шыя вакол яго здаецца таўсцейшай: проста ў лебедзя выбіваюцца адтуль пёры, таму можа складвацца ўражанне “апухласці”. Ашыйнік ці кальцо трэба сфатаграфаваць і даслаць фота ў Беларускі цэнтр кальцавання птушак разам з датай і месцам назірання: bym.minsk@gmail.com. Калі вы пакінеце свае кантактныя дадзеныя, то праз нейкі час вам прыйдзе інфармацыя пра гэтую птушку: калі, кім і дзе яна была акальцавана.

На зіму ў Беларусі цяпер застаюцца не толькі лебедзі, але і іншыя пералётныя птушкі, напрыклад, белыя буслы. Звычайна гэта слабыя ці хворыя птушкі. Яны кормяцца на незамерзлых ручаях ці нават на сметнішчах. Але з кожным годам у АПБ паведамляюць пра больш буслоў, якія засталіся на зімоўку. І шмат якія нават добра перазімоўваюць. 

Грамадская арганізацыя «Ахова птушак Бацькаўшчыны» (АПБ) — найбуйнейшая прыродаахоўная грамадская арганізацыя Беларусі і з 2005 года — нацыянальны партнёр глабальнай прыродаахоўнай асацыяцыі «BirdLife International», у якую ўваходзяць арганізацыі са 121 краіны. АПБ — гэта тысячы сябраў і валанцёраў і больш за 30000 прыхільнікаў, 100 школьных клубаў і 14 мясцовых аддзяленняў па ўсёй краіне. Арганізацыя працуе дзеля захавання біяразнастайнасці і далучэння насельніцтва да актыўнай аховы прыроды. Толькі разам мы зможам захаваць дзікую прыроду нашай краіны — далучайся і ты!

Фото: Михалкович Валерий

Похожие записи

Верх