Заўважыш першых буслоў — занось на сайт «Жывой вясны»!

Screenshot_2

Сем птушак абраныя вестунамі вясны ў 2021 годзе, і Беларусь, як і ўся Еўропа, будзе сачыць за іх прылётам анлайн і ў небе. Пра міжнародную кампанію “Жывая вясна” расказвае грамадская арганізацыя “Ахова птушак Бацькаўшчыны” (АПБ).

«Жывая вясна» – міжнародная кампанія глабальнай прыродаахоўнай асацыяцыі BirdLife International па прыцягванні ўвагі дзяцей і дарослых да дзікай прыроды, да назірання за пералётнымі птушкамі і іх захавання.

На сайце кампаніі можна сачыць на карце Еўропы, як птушкі, абраныя вестунамі вясны, вяртаюцца з зімоўкі. Карту ствараюць назіральнікі з розных краін. Убачыўшы ўпершыню ў новым годзе нейкую з птушак “Жывой вясны”, трэба занесці назіранне на сайт springalive.net

Калі ў меню справа выбраць краіну, то на карце адлюструецца агульная колькасць назіранняў у кожнай вобласці. А калі выбраць Еўропу, можна пабачыць, як вясна займае розныя краіны кантынента. Чым больш назіранняў, тым больш насычаны колер вобласці або краіны на карце.

Якія птушкі абраныя вестунамі вясны ў 2021 годзе?

Вестунамі “Жывой вясны” абраныя сем птушак, якіх адносна лёгка пазнаць: белы бусел (белый аист), вясковая ластаўка (деревенская ласточка), чорны свіргуль (черный стриж), зязюля (кукушка), ластаўка-зямлянка (береговая ласточка), шчурка-пчалаедка (золотистая щурка) і вялікі зуёк (галстучник)

Апошнія два віды ўключаныя ў Чырвоную кнігу Беларусі. 

Пакуль птушкі збіраюцца адлятаць з Афрыкі на Радзіму або, як белыя буслы, ужо ў дарозе дадому, можна паспрабаваць намаляваць з дзеткамі птушак-вестуноў, каб яны добра іх запомнілі і пазналі, калі сустрэнуць у прыродзе.

Калі гэтыя птушкі прылятаюць у Беларусь?

Усе птушкі «Жывой вясны» – дальнія мігранты. Яны вяртаюцца вясной прыблізна ў адны і тыя ж тэрміны, бо не ведаюць, ці спрыяльнае тут для іх надвор’е. 

Кліматычныя змены кепска ўплываюць на іх поспех размнажэння, таму што расліны (а значыць, і насякомыя) ранняй вясной развіваюцца раней і пік колькасці смачнай ежы многія птушаняты прапускаюць.

Ужо зусім хутка, у 10-х чыслах сакавіка, павінны прыляцець белыя буслы, таму сачыце ўважліва за небам, — раіць спецыялістка АПБ па экалагічнай асвеце Анастасія Пярко.У гэты ж час звычайна вяртаюцца ў краіну і вялікія зуйкі, у першай палове красавіка – вясковыя ластаўкі і зязюлі, у канцы красавіка і пачатку траўня – ластаўкі-зямлянкі і свіргулі, а ў канцы траўня – шчуркі-пчалаедкі”. 

Як дадаваць назіранні?

Раскажыце дзецям пра белых буслоў, ластавак і іншых вестуноў вясны, каб яны паведамілі вам, калі ўбачаць першую птушку. Павіншуйце класнага чэмпіёна /чэмпіёнку, якія ўпершыню пабачылі бусла ці іншую птушку-вестуна. 

Занясіце гэтае назіранне зручным для сябе спосабам:

Зладзьце экскурсію з дзеткамі да першага гнязда бусла, занятаму птушкамі ў вёсцы або горадзе сёлета, таксама ўнясіце гэтае калектыўнае назіранне на сайт ці ў сацсеткі.

Прачытаць апісанне птушак і паслухаць іх галасы можна на сайце АПБ або ў мабільным вызначальніку Ptushki.

У межах кампаніі пройдуць конкурсы, экскурсіі на птушак, прэзентацыі, святы і гульні ў школах

Сустракайце вясну разам з птушкамі! 

Кампанія «Жывая вясна» ажыццяўляецца дзякуючы падтрымцы HeidelbergCement.

Даведка: Кампанія «Жывая вясна» пачалася ў 2006 годзе як еўрапейскі праект BirdLife International. З 2009 года далучыліся краіны Цэнтральнай Азіі. З 2010 года «Жывая вясна» прыйшла ў Афрыку. Летась на сайт «Жывой вясны» паступіла 11669 назіранняў ад удзельнікаў з Еўропы, Цэнтральнай Азіі і Афрыкі. Дзякуючы актыўнаму ўдзелу беларусаў нашая краіна апынулася на 2-м месцы сярод 59 краін-удзельніц.

Грамадская арганізацыя «Ахова птушак Бацькаўшчыны» (АПБ) — найбуйнейшая прыродаахоўная грамадская арганізацыя Беларусі і з 2005 года — нацыянальны партнёр глабальнай прыродаахоўнай асацыяцыі «BirdLife International», у якую ўваходзяць арганізацыі са 121 краіны. АПБ — гэта больш за 2150 сябраў, сотні валанцёраў і дзясяткі тысяч прыхільнікаў, 108 школьных клубаў і 14 мясцовых аддзяленняў па ўсёй краіне. Арганізацыя працуе дзеля захавання дзікай прыроды і далучэння насельніцтва да актыўнага клопату пра яе. Толькі разам мы зможам захаваць дзікую прыроду нашай краіны — далучайся і ты!

 

Похожие записи

Верх