Белыя буслы вярнуліся ў Беларусь!

pexels-photo-220855

На Берасцейшчыне адзначаныя першыя белыя буслы. Грамадская арганізацыя «Ахова птушак Бацькаўшчыны» (АПБ) просіць заносіць першыя ў годзе назіранні буслоў на сайт кампаніі «Жывая вясна».

- Першым рэгіёнам, куды буслы прынеслі вясну, стала Брэсцкая вобласць: акурат там 15 сакавіка зарэгістраваныя сем птушак, — расказала спецыялістка АПБ Анастасія Пярко. — Марыя Карповіч убачыла дзве пары белых буслоў перад Пружанамі і яшчэ адну бліжэй да Ружан. 16 сакавіка ўдзельнік тэлеграм-чату “Ціў-ціў!Павел Муга назіраў аднаго бусла на гняздзе ў вёсцы Малькавічы Столінскага раёна. З кожным днём іх будзе з’яўляцца ўсё болей – сачыце за небам і заносьце назіранні першых буслоў на інтэрактыўную карту, якая паказвае, як па Беларусі рухаецца вясна.

Screenshot_2

За белымі бусламі прыляцяць і вясковыя ластаўкі, у другой палове красавіка павінны прыляцець зязюлі. Астатніх птушак – вестуноў вясны чакаем пазней: у канцы красавіка вернуцца ластаўкі-зямлянкі і свіргулі, у канцы траўня – шчуркі-пчалаедкі.

Як дадаваць назіранні?

Назірайце самі і з дзеткамі за небам, і калі ўбачыце адну з птушак — вестуноў вясны, дадайце назіранне на сайце “Жывой вясны” праз форму «Дадаць назіранне«. Таксама вы можаце апісаць сваё назіранне ў групах кампаніі ў сацыяльных сетках  Facebook і Вконтакте. 

Зладзьце экскурсію з дзецьмі да першай буслянкі, занятай птушкамі ў вашай мясцовасці, таксама ўнясіце гэтае назіранне.

Раскажыце пра сустрэчы з бусламі ў сваіх сацсетках з хэштэгам #жываявясна2021!

У межах кампаніі пройдуць экскурсіі і назіранні за птушкамі, прэзентацыі і экалагічныя гульні ў школах. Для дзяцей да 16 гадоў зараз праходзіць конкурс плакатаў. Вы можаце далучыцца да мерапрыемстваў у вашым рэгіёне або арганізаваць уласнае!

Кампанія «Жывая вясна» у Еўропе, Афрыцы і Цэнтральнай Азіі ажыццяўляецца дзякуючы падтрымцы HeidelbergCement.

Даведка: Кампанія «Жывая вясна» пачалася ў 2006 годзе як еўрапейскі праект BirdLife International. У мінулым годзе на сайт «Жывы вясны» паступіла 11669 назіранняў ад удзельнікаў з Еўропы, Цэнтральнай Азіі і Афрыкі. Дзякуючы актыўнаму ўдзелу беларусаў наша краіна апынулася на 2-м месцы сярод 59 краін-удзельніц.

Грамадская арганізацыя «Ахова птушак Бацькаўшчыны» (АПБ) — найбуйнейшая прыродаахоўная грамадская арганізацыя Беларусі і з 2005 года — нацыянальны партнёр глабальнай прыродаахоўнай асацыяцыі «BirdLife International», у якую ўваходзяць арганізацыі са 121 краіны. АПБ — гэта тысячы сябраў і валанцёраў і больш за 30000 прыхільнікаў, 100 школьных клубаў і 14 мясцовых аддзяленняў па ўсёй краіне. Арганізацыя працуе дзеля захавання біяразнастайнасці і далучэння насельніцтва да актыўнай аховы прыроды. Толькі разам мы зможам захаваць дзікую прыроду нашай краіны — далучайся і ты!

 

Похожие записи

Верх