Салаўі заспявалі! Дзе паслухаць?

Ты, я і травень фб

30 красавіка ў Гародні зарэгістраваны першы ў годзе салавей. З кожным днём у сацсетках усё большае допісаў пра тое, што дзесьці чулі яго пошчак. Грамадская арганізацыя “Ахова птушак Бацькаўшчыны” (АПБ) прапануе сабраць салаўіныя месцы Беларусі. Пачуеце салаўя – заносьце на анлайн-карту!

Пачуўшы салаўя, адзначайце месца на інтэрактыўнай карце ptushki.org/nightingales. Гэта выдатны інструмент, каб падзяліцца месцамі, дзе яшчэ спяваюць крылатыя салісты № 1. Калі вы яшчэ не чулі салаўя — праверце леташнія кропкі (хутка ў «Салаўінай карты» з’явіцца такая опцыя), свае любімыя месцы ці паглядзіце, дзе ўжо чулі салаўёў сёлета.

- Ва ўмовах пандэміі вельмі карысныя прагулкі на свежым паветры, - адзначае спецыялістка АПБ па акцыях і кампаніях Наталля Саракавік. — Але рабіць гэта лепш асобна ці з роднымі. Слухаць салаўя асабліва прыемна сям’ёй! Не ведаеце, дзе паслухаць яго чароўны спеў? Паглядзіце на карце найбліжэйшыя месцы, дзе салаўі даюць свае «канцэрты».

Летась беларусы заносілі салаўіныя месцы на карту так актыўна, што пабілі папярэдні рэкорд на сотню назіранняў: на «Салаўінай карце» ў 2020 годзе было адзначана 638 пунктаў. Больш за ўсё — у Мінску, Мінскай і Брэсцкай абласцях.

У Мінску салаўёў можна пачуць на Птушыным востраве, Цнянскім вадасховішчы, у Севастопальскім і Лошыцкім парках, лесапарку Дразды, парку Чалюскінцаў і іншых. У Брэсце шукайце крылатага спевака ў зялёных зонах каля Брэсцкай крэпасці і паміж вуліцамі Вінніцкай і Гвардзейскай. 

Па выніках штогадовай акцыі «Салаўіная карта» АПБ звяртаецца да абласных адміністрацый з рэкамендацыямі для гарадскіх службаў па захаванні месцаў гнездавання салаўёў. Яны гняздуюцца на зямлі ў кустах і быльніку, шукаюць корм у леташняй апалай лістоце. Таму такія зарослыя дзікія куткі ў парках трэба захоўваць.

Калі вы не знайшлі птушку там, дзе яна спявала летась, паглядзіце вакол — магчыма, там прыбрана лістота, скошаны бур’ян, зніклі кусты. У гэтым выпадку напішыце ў мясцовую адміністрацыю электронны зварот з рэкамендацыяй абмежаваць прыборку лісця ў гэтых месцах і дазволіць кустам ды быльніку расці. 

Як адзначыць на карце салаўінае месца?

Адзначыць салаўя можна ў любым кутку Беларусі. Спачатку трэба знайсці свой горад, для чаго карту можна перасоўваць і набліжаць, а затым перанесці чырвоную пазнаку ў пункт, дзе вы чулі салаўя. 

Вы можаце не толькі самастойна ўвесці свае дадзеныя, але і бачыць на карце месцы, дзе салаўі ўжо адзначаны іншымі.  

Калі можна пачуць салаўя?

Гэтыя птушкі пяюць увесь травень і палову чэрвеня, да з’яўлення першых птушанят. У траўні салаўі могуць спяваць нават днём, але з большай ахвотай яны спяваюць вечарам і ноччу, а таксама раніцай, пакуль яшчэ не горача. 

Спяшайцеся паслухаць гэтых звонкіх птушак і адзначыць на карце Беларусі «сваіх» салаўёў! Пазнаць іх меладычны спеў лёгко, пераблытаць з іншымі амаль немагчыма. 

А яшчэ салаўю можна пазваніць! Набярыце нумар +375445006612 (А1) і пачуеце яго песню, а пасля “размовы” салавей дашле вам sms.

У траўні ў Мінску і іншых гарадах Беларусі пройдуць салаўіныя экскурсіі ад АПБ. Сачыце за іх анонсамі на сайце арганізацыі ptushki.org.

 

Похожие записи

Верх