Упаў свіргуль – як дапамагчы?

Чорны свіргуль. Фота Мікалая Вараб'я

На тыдні адзначаўся Сусветны дзень свіргуля (стрижа). Шмат каму знаёмы яго пранізлівы крык — сімвал прыходу лета. Свіргуль — майстар палёту, але на зямлі бездапаможны. Грамадская арганізацыя “Ахова птушак Бацькаўшчыны” (АПБ) тлумачыць, як дапамагчы свіргулю ў бядзе.

Свіргуль — самая хуткая птушка, якая амаль усё жыццё праводзіць у палёце, нават спіць. Птушаняты пакідаюць гняздо ўжо гатовымі да палёту. І калі птушанят-подлеткаў у іншых птушак яшчэ тыдзень-два даглядаюць бацькі, то свіргуляняты на зямлі, хутчэй за ўсё, вырачаныя на гібель.

Дарослыя свіргулі таксама часам падаюць, сутыкнуўшыся з перашкодай, асабліва ў непагадзь. Здаровыя свіргулі могуць узляцець з зямлі. Але часам іх знаходзяць людзі, забіраюць, а птушкі ад няправільнага догляду гінуць.

Свіргуль – не ластаўка і не шуляк 

Важна правільна вызначыць від птушкі. У свіргуля 4 пальцы скіраваныя наперад, у той час як у большасці птушак тры наперад, адзін назад. Крылы дарослых свіргулёў – як доўгія сярпы, у складзеным выглядзе выходзяць на 2-3 см за хвост. У свіргулёў, у адрозненне ад усіх нашых птушак, бруха той самай афарбоўкі, што і спіна – цёмна-бурае, а на падбароддзі ёсць светлая плямка, у той час як у падобных гарадскіх ластавак белыя грудзі і бруха.

Аляксандр Вінчэўскі, дырэктар АПБ: 

- На свіргулях ёсць паразіты, але ніводзін на чалавека не можа перайсці. Большасць – бясшкодныя блохі і кляшчы. Ёсць птушыная крывасоска, якая сустракаецца толькі на свіргулях, у чалавека яна кроў не смокча, але можа напалохаць сваім выглядам. Гэта мухі даўжынёй 7 мм з прыплюснутым трохкутным целам і маленечкімі крыламі.

Дапамагчы вызначыць птушку могуць у Тэлеграм-чаце «Ціў-ціў».

Не падкідвайце свіргуля

Ніколі не падкідвайце свіргуля ўгору над асфальтам, не скідвайце з акна ці балкона.

Вынесіце яго на адкрытую прастору (стадыён, поле), падыміце на далоні: здаровы свіргуль зляціць і па спіралі пачне падымацца ўгору.

Калі свіргуль пасля некалькіх спроб не паляцеў, яму трэба догляд. Агледзьце, ці няма ў яго траўм, пералому крыла, ці не выступіла дзе кроў. Калі такое ёсць, звяртайцеся да ветэрынара-арнітолага.

У дарослых свіргулёў, якія ўпалі, траўмы звычайна ёсць. Спецыяліст прызначыць лячэнне, якое ў выпадку лёгкай траўмы зойме ад тыдня да двух месяцаў.

Птушаня ці дарослы?

Птушаняты свіргулёў пачнуць з’яўляцца на вуліцах не раней за сярэдзіну чэрвеня. Ва ўсіх малодзенькіх сёлетніх свіргулёў лапкі светла-ружовыя, а ў дарослых – чорна-шэрыя.

У птушанят пёркі па крайчыку белыя, на канцы пёраў ёсць пух, пёры крылаў і хваста часткова ці цалкам у трубачках (у подлеткаў трубачак можа не быць). У дарослых апярэнне раўнамерна чорнага ці бурага колеру.

Падабранае птушаня трэба шмат і правільна карміць, пакуль яно не будзе гатовае ляцець. За тыдзень да вылету яно пачне актыўна махаць крыламі. 

Дзе ператрымаць свіргуля?

Пакладзіце свіргуля ў чыстую скрынку памерам не меней за 30*20 см, каб птушка магла расправіць крылы. Вышыня мусіць быць не меншая за 15 см, каб птушка не выбралася. У клетку ні ў якім разе не саджайце: папсуюцца пёры.

На дно скрынкі пакладзіце папяровы ручнік, які рэгулярна мяняйце.

З кім параіцца наконт догляду за свіргулём?

На жаль, далёка не ўсе ветэрынары маюць веды і досвед па лекаванні птушак. Парады могуць даць у групе дапамогі свіргулям: https://vk.com/strizh_by. Знайсці інфармацыю можна і на форуме mybirds.ru.

Калі вы хочаце стаць валанцёрам па ратаванні свіргулёў, пішыце на v.puzhuk@gmail.com.

Свіргуль – птушка “Жывой вясны”

Свіргуль лічыцца вестуном вясны. Успомніце, калі і дзе сёлета вы заўважылі свайго першага свіргуля, і занясіце назіранне на інтэрактыўную карту «Жывой вясны».

Грамадская арганізацыя «Ахова птушак Бацькаўшчыны» (АПБ) заснавана ў 1998 годзе, гэта найбуйнейшая прыродаахоўная грамадская арганізацыя Беларусі і з 2005 года — нацыянальны партнёр глабальнай прыродаахоўнай асацыяцыі «BirdLife International», у якую ўваходзяць арганізацыі са 121 краіны. АПБ — гэта тысячы сябраў і валанцёраў і больш за 30000 прыхільнікаў, 100 школьных клубаў і 14 мясцовых аддзяленняў па ўсёй краіне. Арганізацыя працуе дзеля захавання біяразнастайнасці і далучэння насельніцтва да актыўнай аховы прыроды. Толькі разам мы зможам захаваць дзікую прыроду нашай краіны — далучайся і ты!

 Фота Мікалая Вараб’я. Чорны свіргуль.

Похожие записи

Верх