Салаўіныя канцэрты ў Беларусі прайшлі з аншлагам!

Салавей. Фота Ліліі Кахновіч, чат Птушкі з фотастужкі

Што ні год, беларусы ставяць новы рэкорд у акцыі “Салаўіная карта” грамадскай арганізацыі “Ахова птушак Бацькаўшчыны” (АПБ). Сёлета ўдзельнікі пазначылі 640 геалакацый крылатага спевака.

Найбольш салаўіных месцаў адзначана ў Мінску і Мінскай вобласці – 205. На другім месцы з невялікім адрывам ідзе Брэсцкая вобласць – 188 назіранняў. У Віцебскай вобласці салаўя чулі ў 98 месцах, у астатніх абласцях прыкладна па паўсотні.

Салаўі дапамагаюць нам спыніцца сярод штодзённай мітусні і звярнуць увагу на дзікую прыроду вакол нас, на яе хараство.

- Салавей шчыра спяваў у кустах глогу, што квітнелі недалёка ад прыпынку “Гаражы” на вуліцы Слабадской у Малінаўцы, — гаворыць удзельніца акцыі Алена Пыско. — Ён вельмі стараўся, спяваў з вялікім натхненнем, я слухала доўга, хвілін дзесяць.

- Слухаю кожны год у адным месцы, вельмі падабаюцца салаўіныя спевы, — кажа Ала Яцына з Чашнікаў.

Юлія Цэдрык расказала, што салаўі вярнуліся ў гаёчак ля гаражнага кааператыву ў Мінску на вуліцы Тыражнай, а летась іх там чуваць не было.

- Здорава, што з кожным годам людзі ўдзельнічаюць у акцыі ўсё актыўней, — кажа спецыяліст АПБ па акцыях і кампаніях Сяргей Рэзаў. — Сёлета, як мне здаецца, на такую колькасць назіранняў паўплывалі экскурсіі АПБ “Салаўіныя вечары” з арнітолагамі, якія прайшлі не толькі ў Мінску, але і ў іншых гарадах Беларусі. Некаторыя экскурсанты адзначалі, што ўсе чулі пра тое, што салавей прыгожа спявае, але далёка не кожны можа адрозніць яго песню ад спеву іншых птушак. Але на экскурсіях усе добра пазнаёміліся з песняй салаўя, а некаторым нават пашчасціла пабачыць гэтага скрытнага спевака. Думаю, з кожным годам колькасць назіранняў будзе толькі расці, а ставіць новыя рэкорды па сустрэчах з салаўём зробіцца добрай традыцыяй.

Па выніках штогадовай акцыі «Салаўіная карта» АПБ звяртаецца да абласных адміністрацый з рэкамендацыямі для гарадскіх службаў па захаванні месцаў гнездавання салаўёў. Яны гняздуюцца на зямлі ў кустах і быльніку, шукаюць корм у леташняй апалай лістоце. Таму такія зарослыя дзікія куткі ў парках трэба захоўваць.

Салаўі ўжо замоўклі, але можна паслухаць іх спеў, пазваніўшы на нумар +375 (44) 500-66-12. А падтрымаць дзейнасць “Аховы птушак Бацькаўшчыны” можна, стаўшы сябрам гэтай арганізацыі – тады АПБ будзе ахоўваць дзікую прыроду і ад вашага імя.

Фота Ліліі Кахновіч

Похожие записи

Верх