Рамантуем экасцяжыну на Ельні разам: АПБ набірае валанцёраў на летнік

Screenshot_3

Грамадская арганізацыя “Ахова птушак Бацькаўшчыны” (АПБ) абвяшчае набор на новы валанцёрскі летнік на старажытным верхавым балоце Ельня! Ён адбудзецца з 28 ліпеня па 1 жніўня. Мэта — рамонт экасцяжыны. Каб запісацца, запоўні форму.

Можна далучацца не на ўсе дні летніка, але перавага будзе тым валанцёрам, хто зможа паехаць на ўсе ці на большую колькасць дзён. Абіраць сёлеташніх удзельнікаў будуць кіраўнікі летнікаў за мінулыя гады.

Мерапрыемства адбудзецца ў межах праекта “Разам для грамады і прыроды: Міёрскі раён”, які рэалізуецца Міёрскім раённым выканаўчым камітэтам, АПБ і Латвійскім сельскім форумам пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскага саюза. 

Арганізацыйныя пытанні

Начаваць падчас летніка будзем ў палатках, таму патурбуйся, каб мець сваю ці самастойна дамовіцца падсяліцца ў палатку сябра. Бяры з сабой дыванок і спальнік.

Яшчэ табе спатрэбяцца гумовыя боты, плашч або дажджавік на выпадак дажджу, асабісты посуд (кубак, лыжка, міска, нож), будаўнічыя пальчаткі, сродкі гігіены, рэпелент. Для дзённых выхадаў на балота лепш мець невялікі заплечнік.

Харчаванне забяспечваецца за сродкі праекта.

Даезд удзельнікаў летніка самастойны. У першы і апошні дзень арганізатары змогуць забраць цябе з Міёр да месца лагера і назад. Магчымая кампенсацыя расходаў на транспарт пры пацвярджаючых дакументах. Калі ў цябе ёсць аўто і ты можаш узяць “на борт” іншага ўдзельніка – выдатна! Не забудзься адзначыць гэта, калі ласка, у гугл-форме.

Што трэба будзе рабіць? 

Штогод турыстаў на балоце Ельня становіцца ўсё больш. Тысячы людзей праходзяць па экасцяжыне кожныя выходныя і яна натуральным чынам «зношваецца». Каб працягваць радаваць турыстаў камфортным знаходжаннем у гэтым цудоўным месцы без шкоды для самаго балота неабходна правесці рамонтныя работы на асобных участках экасцяжыны. 

Падчас летніка мы будзем вазіць на тачцы і насіць дошкі, умацоўваць і прыбіваць іх, працаваць пілой. Праца патрабуе пэўнай фізічнай падрыхтоўкі, таму, калі адчуваеш у мускулах сілу і жаданне крыху папацець на карысць дзікай прыроды – далучайся!

Мінулы валанцёрскі летнік на Ельні быў па рамонце плацін. Як гэта было глядзі ў рэпартажы АПБ.

Калі у цябе засталіся пытанні, тэлефануй каардынатару летніка Сяргею Рэзаву: 8029 123 80 18.

 

 

Похожие записи

Верх