Як уратаваць птушак ад небяспечных шыб?

Птушкі і шыбы. Ілюстрацыйнае фота

Штодня ўвосень ў грамадскую арганізацыю “Ахова птушак Бацькаўшчыны” (АПБ) тэлефануюць і пішуць людзі, каб паведаміць пра непрытомных птушак пад будынкамі і аўтобуснымі прыпынкамі. Што адбываецца і як дапамагчы птушкам? 

- Ідзе восеньская міграцыя, і падчас яе птушкі часта сутыкаюцца з празрыстымі і люстранымі паверхнямі будынкаў, — тлумачыць спецыяліст АПБ па прыродаахоўных пытаннях Сямён Левы. — У прыродзе няма нічога смяротнага, аналагічнага шыбам, таму птушкі не вучацца і надалей гінуць пры сутыкненнях.

Птушкі могуць убачыць расліны праз скразныя вокны ці адбітак зеляніну ў шыбе і паляцець наўмысна туды. 

Таму будынкі з вялікімі вокнамі з суцэльнага шкла, шкляныя хмарачосы, аўтобусныя прыпынкі са шклянымі сценамі асабліва небяспечныя для птушак. Але ўвогуле для птушак патэнцыйна небяспечнае ўсё, што мае празрыстае шкло, у тым ліку вокны вашага дома.

Як зрабіць вокны бяспечнымі для птушак?

Для гэтага трэба зрабіць іх заўважнымі.

У некаторых краінах вытворцы прапануюць людзям гатовыя рашэнні: дэкаратыўная празрыстая плёнка з малюнкам або арнаментам, які адбівае УФ-прамяні, якія птушкі добра бачаць; клейкая стужка, якая лепіцца на шкло і адклейваецца, пакідаючы на шыбе шэраг белых кропак.

Але можна і самастойна зрабіць сваё акно бяспечным. 

Вось асноўныя прынцыпы, як наносіць на шыбу разметку.

  • Зазоры разметкі павінны быць не большыя за 10 см, у ідэале – 5 см, інакш птушка можа паспрабаваць праляцець праз іх і ўсё роўна ўдарыцца у акно.
  • Маркіроўку трэба наносіць на вонкавую паверхню шкла, а НЕ на ўнутраную. Любая маркіроўка з унутранага боку становіцца нябачнай праз адлюстраванне навакольнага асяроддзя (дрэваў або неба).
  • Разметка павінна быць вельмі кантраснай — варта, каб яна вылучалася на акне. Птушкі могуць проста не заўважыць некантрасную маркіроўку, напрыклад, чорныя кропкі на цёмным акне.
  • Кожная метка павінна мець дыяметр не менш за 6 мм.
  • Разметка павінна ахопліваць усю паверхню шкла.

Якія варыянты разметкі можна зрабіць?

  • Павесіць звонку вертыкальна стужкі, вяроўкі або шнуры на адлегласці 5-10 см адзін ад аднаго. На сайце АПБ расказана, як самастойна зрабіць так званыя ахоўныя фіранкі Акапяна з парашутнага шнура – яны вельмі эфектыўныя.
  • Прыклеіць звонку на акно непразрыстыя белыя палоскі ці кропкі з адлегласцю 5-10 см паміж імі.
  • Абклеіць вонкавы бок шыбаў яркімі налепкамі. Форма налепак няважная, галоўнае пакрыць імі ўсю паверхню і прытрымлівацца адлегласці 5-10 см паміж налепкамі. 

Дадаткова можна замаляваць усё акно звонку дзіцячымі фламастарамі з ультрафіялетавым чарнілам. Шыба застанецца празрыстай, але стане заўважнай для птушак, бо яны добра бачаць ультрафіялетавае святло. 

У якасці часовых рашэнняў можна размаляваць шыбы звонку тэмпернай фарбай або кавалачкам мыла. Мыльны ўзор трэба будзе рэгулярна паднаўляць. Пры патрэбе малюнак пазней можна будзе змыць.

Помніце, стары метад з наклейкай сілуэтаў драпежных птушак на шыбы не працуе, калі яны не наклеены праз кожныя 10 см.

Калі ў вас ёсць іншы досвед па абароне птушак ад сутыкненняў з шыбамі, падзяліцеся ім з АПБ, напішыце на levy@ptushki.org або ў сацсеткі арганізацыі.

Як дапамагчы птушцы, якая сутыкнулася з шыбай?

Знайшоўшы пад будынкам або прыпынкам аглушаную птушку, пасадзіце яе ў цёмную скрынку і пакіньце на гадзіну ў спакоі. Не трэба яе паіць ці карміць. Калі яна ачуняе, выпусціце яе на волю.

Грамадская арганізацыя «Ахова птушак Бацькаўшчыны» (АПБ) заснаваная 64 энтузіястамі ў  1998 годзе, займаецца аховай дзікай прыроды Беларусі. З 2005 АПБ – нацыянальны партнёр глабальнай прыродаахоўнай асацыяцыі «BirdLife International», з 1999 года — сябра Кааліцыі Чыстая Балтыка, у 2021 прынятая ў глабальную некамерцыйную арганізацыю Wetlands International, якая займаецца захаваннем водна-балотных угоддзяў. АПБ — гэта тысячы сябраў і валанцёраў і больш за 30000 прыхільнікаў, 100 школьных клубаў і 14 мясцовых аддзяленняў па ўсёй краіне. Толькі разам мы зможам захаваць дзікую прыроду нашай краіны — далучайся і ты!

 

 

Похожие записи

Верх