Утульны і прыцягальны: як змяняецца Міёрскі край

love-heart-romantic-gift

Два гады таму Міёрскі раён пачаў актыўна развівацца. Нацэліўшыся на ўстойлівае развіццё, гэты край робіцца ўсё больш прывабным для турыстаў і ўтульным для мясцовых жыхароў.

У маі 2019 года Міёрскі раён атрымаў ад Еўрапейскага саюза падтрымку амаль у мільён еўра для ажыццяўлення ў партнёрстве з грамадскай арганізацыяй “Ахова птушак Бацькаўшчыны” і Латвійскім сельскім форумам трохгадовага праекта “Разам для грамады і прыроды: узмацненне працэсу развіцця ў Міёрскім раёне праз супрацоўніцтва мясцовай улады і грамадзянскай супольнасці”. Час падвесці вынікі другога года яго рэалізацыі.

Адна з важных адметнасцяў раёна – самае вялікае верхавое балота Беларусі Ельня. У межах праекта падоўжаны драўляны насціл экалагічнай сцежкі “Азяраўкі-Ельня” ў заказніку “Ельня”, добраўпарадкавана месца для кемпінга.

У рамках рэалізацыі кампанента “Здаровы лад жыцця” у аграгарадку Язна ўсталявалі спартыўную пляцоўку, а ў Міёрах правялі капітальны рамонт падлогі гарадской спартыўнай залы і паставілі тры глядацкія трыбуны на тэрыторыі спартыўнага комплекса.

З 1 верасня 2020 г. рэалізуюцца мясцовыя ініцыятывы, две з якіх атрымалі фінансавую падтрымку ў памеры 60 тыс. еўра і восем па 10 тыс. еўра для ажыццяўлення сваіх ідэй. Ужо напрыканцы лета будуць падведзены вынікі іх працы.

Завяршаецца распрацоўка Стратэгіі ўстойлівага развіцця Міёрскага раёна і першай у Беларусі Моладзевай стратэгіі ўстойлівага развіцця, а таксама дапаможніка па распрацоўцы стратэгій устойлівага развіцця.

Да распрацоўкі стратэгій актыўна падключыліся мясцовыя жыхары. Грамадскі савет па распрацоўцы і рэалізацыі стратэгіі ўстойлівага развіцця Міёрскага раёна, створаны ў канцы 2019 года упершыню ў Беларусі пры раённым Савеце дэпутатаў, правёў за другі праектны год 10 пасяджэнняў. На пасяджэннях Савета мясцовай уладай і насельніцтвам, акрамя стратэгій, абмяркоўваюцца актуальныя пытанні развіцця раёна, што дазваляе пашырыць удзел мясцовых жыхароў у рэгіянальным кіраванні. 

Прадстаўнікі мясцовай улады і сябры Грамадскага савета ў сакавіку гэтага года наведалі вёску Камарова Мядзельскага раёна, дзе абмяняліся вопытам і пазнаёміліся з дзейнасцю мясцовага бізнес-інкубатара і рэалізаванымі з яго дапамогай мясцовымі ініцыятывамі.

Праведзены шэраг семінараў і трэнінгаў, дзякуючы якім 14 чалавек прайшлі акрэдытацыю ў Нацыянальным агенцтве па турызме і атрымалі сертыфікаты экскурсаводаў па балоце Ельня і зараз прапануюць адпачынак на любы густ: ад правядзення экскурсій з элементамі бёрдвотчынгу, расшыфроўкай слядоў дзікіх жывёл, да правядзення медытацый і бяспечнага балотнага экстрыму. Турысты таксама могуць набыць арыгінальныя сувеніры ручной працы, створаныя ў тэхніцы валяння з воўны.

Мясцовыя жыхары ўдзельнічалі ў валанцёрскім прыродаахоўным лагеры ў рэспубліканскім ландшафтным заказніку “Ельня” — адрамантавалі 12 перамычак на Дульскім канале.

На вясновых канікулах для міёрскіх вучняў 8-10 класаў быў арганізаваны школьны трохдзённы лагер. Школьнікі абмяркоўвалі прыярытэтныя напрамкі Моладзевай стратэгіі ўстойлівага развіцця, з удзелам экспертаў распрацоўвалі грамадскія ініцыятывы для моладзевай пляцоўкі на брэндавым экалагічным свяце “Жураўлі і журавіны Міёрскага краю”.

Само свята ў 2020 годзе таксама атрымала фінансавую падтрымку ў межах праекта. Штовосень з 2012 года яно збірае людзей не толькі з раёна і вобласці, але і з усёй краіны. Вядомае яно і замежным аматарам аграэкатурызму. 

У гарадскім парку “Паўвостраў”, дзе яно праходзіць, правялі мадэрнізацыю: адрамантавалі пешаходную дарожку, танцпляцоўку, усталявалі альтанку, дзіцячае гульнявое абсталяванне, таршэрныя свяцільні і шмат іншага.

Вялікі блок працы быў звязаны з візуалізацыяй турыстычнага брэнда раёна. На “Паўвостраве” ўсталявалі арт-аб’ект “Міёры 1514”, паставілі лаўкі са сметніцамі з яркім пазнавальным патэрнам Міёрскага краю. Такія ж лаўкі з’явіліся на вуліцах Міёраў і ў парку Дзісны. 

- Чатыры канцэптуальныя муралы ўжо прыцягваюць беларускіх турыстаў у Міёры, Дзісну і вёску Пераброддзе, — кажа менеджар праекта Алег Сівагракаў. —  Дыван-маляванка, “сатканы” са славутасцяў Міёршчыны, самы вялікі ў Беларусі партрэт мастака Язэпа Драздовіча, графіці паводле матываў адметнай тэхнікі падвойнага ткацтва і роспіс крамы фірмовым патэрнам з жураўлём – выдатныя аб’екты не толькі для таго, каб зрабіць сэлфі, але і для таго, каб бліжэй пазнаёміцца з адметнасцямі раёна.

Падрабязней аб гэтых і іншых мерапрыемствах праекта можна даведацца на сайце mioryregion.by або ў групах “Разам для грамады i прыроды: Міёрскі раён” у сацыяльных сетках “Вконтакте”, “Одноклассники”, “Facebook”.

 

Похожие записи

Верх