Больш за 3 000 школьнікаў Мінскай вобласці ўзялі ўдзел ў праекце «Чытаем па-беларуску з velcom»

Screenshot_6

У Мінскай вобласці завяршыўся сацыяльны адукацыйны праект «Чытаем па-беларуску з velcom». Больш за 3 000 школьнікаў з 8 гарадоў узялі ўдзел у інтэрактыўных уроках праекта. Фінальны ўрок адбыўся 12 траўня ў гарадской ратушы Нясвіжа. Заняткі таксама прайшлі ў Барысаве, Вілейцы, Салігорску, Дзяржынску, Маладзечна, Жодзіна і Слуцку.  

Першыя заняткі ў Мінскай вобласці прайшлі на «Барысаў-Арэне». Запрошаным настаўнікам для малодшых школьнікаў горада стаў брамнік ФК БАТЭ Антон Чычкан. На ўроку вучні 2-3 класаў у прыватнасці даведаліся як гучаць футбольныя тэрміны на беларускай мове. У Салігорску спецыяльны занятак беларускай мовы для школьнікаў прайшоў ў музеі  ААТ «Беларуськалій», а ў Жодзіна – на базе ААТ «БелАЗ».

 

Настаўнікамі для школьнікаў з’яўляюцца беларускія пісьменнікі – Раіса Баравікова, Уладзімір Ліпскі, Наталля Бучынская, Алена Масла, а таксама тэлевядучы Юрый Жыгамонт. Ініцыятарам праекта выступае кампанія velcom пры падтрымцы Міністэрства адукацыі. На Міншчыне праект рэалізоўваўся пры падтрымцы ўпраўлення адукацыі Мінаблвыканкама.

 

«Удзельнічаць у падобнай ініцыятыве і прыязджаць у розныя куткі нашай краіны да малодшых школьнікаў для мяне заўсёды вялікая радасць. Падчас такіх займальных урокаў я магу распавядаць дзецям пра беларускія традыцыі і святы, знаёміць іх з сучаснай літаратурай і дзіцячымі пісьменнікамі, распавядаць пра прыгажосць роднай мовы. Упэўнены, што незвычайныя заняткі стануць для дзяцей штуршком да больш блізкага знаёмства з беларускай культурай», –  адзначыў вядучы праграмы «Падарожжа дылетанта» Юры Жыгамонт.

«На ўроках я не ацэньваю дзяцей, а прашу, каб тыя ацанілі мяне. Гэта іх вельмі падбадзёрвае і захапляе, – падзяліўся ўражаннямі пасля ўрокаў Уладзімір Ліпскі. –У такім фармаце атрымліваецца сапраўды добры дыялог пра мову і літаратуру. Так склалася, што многія стагоддзі беларуская мова не магла фарміравацца паўнавартасна. І зараз, такімі вось маленькімі крокамі, як беларускамоўныя выданні, сацыяльна-адукацыйныя і культурныя праекты, у тым ліку і «Чытаем па-беларуску з velcom», мы адраджаем нацыянальную ідэнтычнасць, фарміруем культурную спадчыну».

Галоўную мэту праекта – папулярызацыю беларускай мовы, літаратуры і культуры сярод малодшых школьнікаў, арганізатары дасягаюць праз спецыяльную інтэрактыўную праграму ўрокаў. Ініцыятыва пачалася ў кастрычніку 2015 года з Мінска. За гэты час сацыяльны адукацыйны праект «Чытаем па-беларуску з velcom» перавысіў запланаваную раней колькасць удзельнікаў і ахапіў больш за 20 000 малодшых школьнікаў з усіх рэгіёнаў Беларусі.

 

Похожие записи

Верх