Колас перашумеў Купалу ў першым беларускамоўным паэтычным батле «Вершус»

Screenshot_5

Па выніках першага беларускамоўнага паэтычнага батла «Вершус» 3 лістапада «Зборная Коласа» адолела «Зборную Купалы». Пераможцаў паядынку, які адбыўся ў дзень 135-гадовага юбілею Якуба Коласа, вызначылі гледачы. У складзе зборных выступілі беларускія паэты і акцёры. На ўмоўным рынгу ў ГЗЦ «Galleria Minsk» яны чыталі як свае вершы, так і творы двух славутых класікаў.

У «Зборную Коласа» увайшлі паэтка Кацярына Масэ, актрыса Алеся Сівохіна і паэт Алесь Снег. «Зборная Купалы» была прадстаўлена паэткай Маргарытай Латышкевіч, актрысай Настай Жлукценка і паэтам Мікітам Найдзёнавым. Паэтычны баттл складаўся з трох раўндаў, у кожным з якіх сустрэліся па адным прадстаўніку ад кожнай каманды. Вёў «Вершус» акцёр Купалаўскага тэатра Раман Падаляка, а пераможцаў выяўлялі пры дапамозе шумамеру.

Паэтычны баттл арганізаваны ў рамках сацыяльнага праекта «Чытаем па-беларуску з velcom». У гэтым годзе ён праходзіць у фармаце рэспубліканскага анлайн-конкурсу для вучняў 7-8 класаў з усёй Беларусі і аб’ядноўвае літаратуру і сацыяльныя сеткі. «Паэтычны батл падтрымаў наш падыход да новага прачытання беларускай класікі. – распавёў кіраўнік аддзела карпаратыўных камунікацый velcom Вячаслаў Смірноў. – «Вершус» атрымаўся добрым, але яркім і драйвовым. І перамагла, у першую чаргу, прыгажосць беларускага слова – як Купалы і Коласа, так і сучасных паэтаў».

Першы этап конкурсу «Чытаем па-беларуску з velcom» праходзіць у сацыяльных сетках да 30 лістапада. Удзельнікі запісваюць відэа, дзе яны чытаюць твор са школьнай праграмы па беларускай літаратуры і размяшчаюць відэазапіс на асабістай старонцы ў Facebook, Вконтакте або Instagram c афіцыйнымі хэштэгамі праекта #чытаемзвэлком або #чытаемзvelcom. Лепшыя, на думку журы, канкурсанты, прымуць удзел у рэгіянальных этапах. Пераможцы рэспубліканскага фіналу атрымаюць смартфоны маркі Apple.

Похожие записи

Верх