Бясплатны паказ фільма Хаяо Міядзакі «Падымаецца вецер» пройдзе пад адкрытым небам у дворыку «Галерэі Ў»

Screenshot_29

27 ліпеня ў дворыку новай «Галерэі Ў» адбудзецца ўнікальны адкрыты кінапаказ праекта «Беларускія ўікэнды». Арганізатары – кампанія «Кінаконг» і velcom – прадставяць фільм японскага рэжысёра Хаяо Міядзакі «Падымаецца вецер» на беларускай мове. Намінаваную на прэмію «Оскар» карціну пра выбітнага японскага авіяканструктара Дзіра Харыкосі можна будзе паглядзець з асалодай ад вольнага паветра. Пачатак сеансу –у 20:00, уваход вольны, колькасць месцаў абмежаваная.   

Свае галасы героям стужкі – Дзіра, яго сям’і, каханай, калегам і непрыяцелям – падарылі акцёры Святлана Цімохіна, Сяргей Жбанкоў, Павал Харланчук, Зміцер Бейнарт-Саладуха, тэлевядучы Яўген Перлін. 28-29 ліпеня паказы стужкі «Падымаецца вецер» пройдуць ужо пад дахам – у кінатэатрах «Масква» і velcom cinema.

«Першы фільм Хаяо Міядзакі на беларускай, «Рыбка Поньё», натхніў нас на пастаноўку рэкорду СНД па зборцы арыгамі ў форме рыбак. Яго наступная праца, «Падымаецца вецер», натхняе нас на новыя вышыні, і мы арганізуем паказ фільма, тэма якога – авіяцыя, пад адкрытым небам. Само месца для адкрытага паказу таксама абрана невыпадкова: «Галерэя Ў» – гэта пляцоўка, дзе беларуская мова і культура ажываюць, натхняюць людзей. Канцэпцыя і каштоўнасці «Галерэі Ў» сугучныя таму, што робім і мы – у праекце «Беларускія ўікэнды», – адзначыў кіраўнік аддзела карпаратыўных камунікацый velcom Мікалай Брэдзелеў.

Упершыню «Падымаецца вецер» быў прадстаўлены публіцы ў 2013 годзе на 70-м Венецыянскім кінафестывалі. У гэты ж кінасезон стужка атрымала прэмію Супольнасці кінакрытыкаў Нью-Ёрка і прэмію Нацыянальнай рады кінакрытыкаў ЗША за лепшы мультфільм года, трапіла ў асноўныя конкурсныя намінацыі прэмій «Оскар» (2014) і «Залаты глобус» (2014). У аснову сюжэту стужкі ляглі ўспаміны Міядзакі пра дзяцінства і юнацтва яго бацькоў, аповяд пісьменніка Тацуа Хоры «Падымаецца вецер», а таксама верш французскага паэта Поля Валеры «Могілкі ля мора». Дэвізам фільма можа служыць невялікая цытата самога Дзіра Харыкосі: «Усё, чым я хацеў займацца, – гэта рабіць нешта вельмі прыгожае». Да «Падымаецца вецер» знакаміты мультыплікатар выпусціў стужку «Рыбка Поньё», якая таксама была прадстаўлена на беларускай мове ў межах праекта «Беларускія ўікэнды». У чэрвені і ліпені 2018 года ў менскім пракаце прайшло каля 50 сеансаў «Рыбкі Поньё» па-беларуску.

«Паказы навінак і бэстсэлераў замежнага кінематографа на беларускай мове не губляюць актуальнасці, мы бачым на нашых паказах поўныя залы – і менавіта таму намагаемся зрабіць кожную прэм’еру асаблівай, запамінальнай. Праект расце, да нашай каманды агучкі далучаюцца новыя артысты, і мы шчыра верым, што такая прагрэсія захаваецца», – адзначыў кіраўнік праекта «Беларускія ўікэнды» Андрэй Кім.

У межах праекта «Беларускія ўікэнды», які рэалізуе кампанія «Кінаконг» пры падтрымцы velcom, вядомыя прадстаўнікі тэатра і кіно Беларусі бяруць удзел у перакладзе і агучцы на беларускай мове рознапланавых замежных фільмаў, якія пасля дэманструюцца ў менскіх кінатэатрах. Сярод іх – «Хронікі Нарніі: леў, вядзьмарка і гардэроб», «Маленькі прынц», «Форэст Гамп», «Жонка наглядчыка заапарка», «Кніга Iлая», «Таямніца Келз», «Таемнае жыццё Ўолтара Міці», «Рыбка Поньё». Цяпер калекцыю кіно на беларускай мове папаўняе кранальная стужка Хаяо Міядзакі «Падымаецца вецер».

Квіткі на паказы можна набыць анлайн і ў касах кінатэатраў. Падрабязнасці на сайтах kinakong.by і velcom.by.

 

Похожие записи

Верх