Velcom падтрымаў праекты па вывучэннi беларускай мовы

Screenshot_9

28 жніўня ў «Кнігарні Логвінаў» адбылася прэзентацыя незвычайных праектаў, накіраваных на тое, каб дапамагчы дзецям вывучаць беларускую мову і зрабіць яе арганічнай часткай іх штодзённага жыцця. Абодва праекты – «Скарбонка гульняў» і «Беларускія ўікэнды» – рэалізаваныя пры падтрымцы кампаніі velcom.

Праект «Скарбонка гульняў» заснаваны на прынцыпе навучання праз гульню як найбольш эфектыўным спосабе засваення новых ведаў маленькімі дзецьмі. Яго стваральнікамі распрацаваны 34 гульні, з дапамогай якіх дзеці вучаць літары беларускага алфавіта, назвы жывёл, птушак, раслін, вучацца чытаць па складах беларускія словы і любіць родную мову. Гульні можна выкарыстоўваць на занятках у дзіцячых садках і школах, а таксама гуляць у іх дома, усёй сям’ёй.

Праект «Скарбонка гульняў» прайшоў у фінал конкурсу Social Weekend 11, дзе атрымаў не толькі высокую ацэнку журы, але і фінансавую падтрымку ад кампаніі velcom, якая адзначыла яго у сваёй спецыяльнай намінацыі «Па-беларуску». Такім чынам ужо ў верасні бягучага года камплекты 3 гульняў для вывучэння беларускай мовы змогуць ацаніць і тыя, для каго яны прызначаныя, – дзеці і іх бацькі.

«Кампанія velcom ўжо шмат гадоў ажыццяўляе розныя праекты па падтрымцы беларускай мовы і культуры. Мы лічым гэта адным з найбольш важных напрамкаў карпаратыўнай сацыяльнай адказнасці нашай кампаніі. Асаблівую ўвагу мы надаем праектам, якія набліжаюць беларускую мову да яе карыстальнікаў – асабліва самых маленькіх. «Скарбонка гульняў» – адна з такіх ініцыятыў, якую кампанія velcom з задавальненнем падтрымала», – адзначыў кіраўнік аддзела карпаратыўных камунікацый кампаніі velcom Мікалай Брэдзелеў.

Кампанія velcom вырашыла падтрымаць новы конкурс сацыяльных праектаў Social Weekend 12. Лепшы праект у намінацыі «Па-беларуску» атрымае ад velcom 10 тыс. рублёў. Прыём заявак на конкурс працягваецца да 30 верасня, а фінал адбудзецца 20 снежня.

«Мы шчыра ўдзячныя кампаніі velcom за падтрымку праекта Social Weekend. Дзякуючы ўвазе буйнога бізнэса ў нас з’яўляецца больш магчымасцей развіваць пляцоўку для рэалізацыі cацыяльных ініцыятыў, прасоўваць яшчэ больш цікавых і значных ідэй – як гэта атрымалася са «Скарбонкай гульняў», –распавёў кіраўнік конкурсу cацыяльных праектаў Social Weekend Аляксандр Скрабоўскі.

Аўтар праекта «Скарбонка гульняў» – настаўніца пачатковых класаў з Мінска Наталля Галко з больш чым дваццацігадовым стажам работы з дзецьмі дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту.

«Спакон веку дзеці вучыліся ўсяму, што спатрэбіцца ім у жыцці, менавіта праз гульню, якая ператваралася для іх у сапраўдную школу. І таму мяне так натхніла ідэя скарыстацца такім фарматам, каб дапамагчы дзецям з самага малога ўзросту пазнаёміцца з беларускай мовай, палюбіць яе гэтак жа, як яны любяць гуляць. Я вельмі ўдзячная ўсім, каго мая ідэя прывабіла і пераканала, — гэта і конкурс Social Weekend, і кампанія velcom – за дапамогу і падтрымку. І спадзяюся, нашым галоўным суддзям і крытыкам – дзецям – таксама спадабаецца вынік», – адзначыла Наталля Галко.

Прыкладам таго, якім поспехам могуць карыстацца беларускамоўныя праекты, арыентаваныя на шырокую аўдыторыю, выступілі «Беларускія ўікэнды» – паказы сусветнага кіно ў прафесійнай агучцы на беларускую мову ў кінатэатрах Мінска і іншых гарадоў. Пры падтрымцы velcom гэты праект паспяхова развіваецца ўжо другі год. Напярэдадні новага навучальнага года каманда «Беларускіх ўікэндаў» падрыхтавала для маленькіх гледачоў прыемны сюрпрыз – магчымасць паглядзець новы фільм «Мой сябар жырафа» (Нідэрланды) на беларускай мове. Спецыяльна да прэм’еры выйшла ў свет кніга-маляванка «Мой сябар жырафа ў Беларусі».

«Прэм’ера карціны ў Мінску адбудзецца у канцы жніўня, калі не толькі герой фільма і яго сябар Раф збіраюцца ў школу, але і ўсе дзеці ў Беларусі. Таму мы вырашылі «запрасіць» Рафа на нас у госці, паказаць яму Мінск, навучыць некаторым беларускім словам, а пра ягоныя прыгоды расказаць у кніжцы-маляванцы, якую атрымаюць у падарунак усе маленькія наведвальнікі прэм’еры. Яна адбудзецца 30 жніўня ў 19:00 у кінатэатры «Масква», – распавёў кіраўнік праекта «Беларускія ўікэнды» Андрэй Кім.

Маленькія госці прэзентацыі новых беларускамоўных праектаў для дзяцей атрымалі магчымасць першымі пазнаёміцца з героямі маляванкі «Мой сябар жырафа ў Беларусі», а таксама цікава і карысна правесці час са «Скарбонкай гульняў».

 

.

Похожие записи

Верх