На першы ў Беларусі венскі баль будзе прададзена 250 білетаў

IMG_5048

З 6 лістапада білеты на «Венскі баль з А1 у Купалаўскім» паступаюць у продаж. Купіць іх зможа кожны жадаючы старэйшы за 18 гадоў, але варта мець на ўвазе, што будзе прададзена ўсяго 250 квіткоў.

 

Нагадаем, што «Венскі баль з А1 у Купалаўскім» адбудзецца 14 снежня ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы. Баль задуманы як дабрачынны: 50% атрыманых сродкаў будуць накіраваны на падтрымку работы грамадскага аб’яднання «SOS-дзіцячыя вёскі Беларусь», якое дапамагае сіротам і дзецям, якія засталіся без клопату бацькоў, знайсці апякунскую сям’ю, а тым, хто знаходзіцца ў зоне рызыкі сацыяльнага сіроцтва, – пераадолець складаныя жыццёвыя абставіны і захаваць родную сям’ю.

 

Кошт білета на «Венскі баль з А1 у Купалаўскім» складзе 250 рублёў. Госці мерапрыемства атрымаюць магчымасць усю ноч навылет танцаваць на балі пад суправаджэнне музыкі Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра Рэспублікі Беларусь, паўдзельнічаць у салонных гульнях, паслухаць музычную праграму ў выкананні аркестра Купалаўскага тэатра. Таксама для іх прадугледжаны напоі і фуршэтныя закускі.

 

Набыць квіткі на «Венскі баль з А1 у Купалаўскім» можна будзе ў касах тэатра, на сайце kupalauski.by, а таксама ва ўсіх білетных аператараў Беларусі. Пры гэтым тыя, хто купіць іх у касе, атрымаюць у дадатак канверт з праграмай вечара. Зрэшты, зрабіць гэта змогуць і ўладальнікі электронных білетаў: загадзя – калі звернуцца ў касы Купалаўскага з раздрукаваным экземплярам – ці непасрэдна на ўваходзе ў тэатр у дзень балю.

 

На «Венскі баль з А1 у Купалаўскім» гасцей чакаюць у строях, якія адпавядаюць зацверджанаму арганізатарамі дрэс-коду. Для дам гэта вячэрняя сукенка даўжынёй да падлогі (але не белая – у белым на балі маюць права прысутнічаць толькі дэбютанты); а для мужчын – Black tie. Збор гасцей пачнецца ўжо ў 20:00, а ўрачыстая цырымонія адкрыцця «Венскага балю з А1 у Купалаўскім» прызначана на 22:00.

 

Яшчэ адна магчымасць убачыць падзеі «Венскага балю з А1 у Купалаўскім» на ўласныя вочы – прамая трансляцыя, якая адбудзецца на платформе VOKA.

 

Похожие записи

Верх