А1 распачаў ўсталёўку сонечных панэляў у «Зялёных школах» Беларусі

Screenshot_1

Кампанія А1 усталявала сонечную панэль у Рэспубліканскім рэабілітацыйным цэнтры для дзяцей-інвалідаў. Гэта першы з камплектаў спецыяльнага абсталявання, якія ў бліжэйшы час з’явяцца яшчэ ў шасці навучальных установах Беларусі – пераможцах экалагічнага конкурсу «Энергія сонца для Зялёных школ».

Журы конкурсу вызначыла сем пераможцаў – па адным у кожным рэгіёне краіны і асобна ў Мінску, якія атрымалі максімальную колькасць балаў за свой вопыт у рэалізацыі экалагічных і экасацыяльных праграм, акцый і праектаў. Прызам для іх і стала ўсталёўка кампаніяй А1 камплектаў спецыяльнага абсталявання для пераўтварэння сонечнай энергіі ў электрычную, а таксама для нагляднай дэманстрацыі вынікаў работы сонца школьнікам.

«Экалогія і ахова навакольнага асяроддзя, як і дапамога дзецям, з’яўляюцца важнымі кірункамі карпаратыўнай сацыянальнай адказнасці нашай кампаніі. Таму мы вельмі радыя, што з дапамогай усталявання сонечных панэляў у нас атрымаецца развіць працу па экалагічным выхаванні, паказаць дзецям на рэальных прыкладах, як можна выкарыстоўваць прыродныя рэсурсы і чаму варта беражліва ставіцца да іх», – адзначыў першы намеснік генеральнага дырэктара кампаніі А1 Мікалай Юшкевіч.

Удзел у конкурсе прымалі навучальныя ўстановы, якія з’яўляюцца ўладальнікамі спецыяльнага дыплома «Зялёнай школы». Экалагічнае спаборніцтва праводзілася пры падтрымцы Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь. 

«Любоў да прыроды і адначасова адказнасць за ўстойлівае выкарыстанне прыродных рэсурсаў трэба выхоўваць з дзяцінства. Таму такі падарунак для устаноў адукацыі дазволіць не толькі вызначыць карысць сонечнай энергіі, а наогул, дапаможа выхаванцам навучыцца карыстацца экалагічнай інфармацыяй. Дзякуючы такім праектам, у нашай краіне будзе больш сяброў прыроды», – выказала ўпэўненасць начальнік галоўнага ўпраўлення экалагічнай палітыкі, міжнароднага супрацоўніцтва і навукі Мінпрыроды Таццяна Кананчук.

Выхаванцы Рэспубліканскага рэабілітацыйнага цэнтра для дзяцей-інвалідаў, дзе з’явілася першая панэль, ужо наведваюць заняткі, падчас якіх назіраюць за працай тэхналагічнай навінкі і разбіраюцца ў тым, як яна функцыянуе. Да сонечнай панэлі далучаны вулічны ліхтар побач з будынкам цэнтра, які аўтаматычна ўключаецца з надыходам цемры і выключаецца, як толькі развіднее. Працуе ён за кошт энергіі, назапашанай удзень, таму пры добрым надвор’і акумулятар зараджаецца з запасам на той выпадак, калі сонца за хмарамі не відаць. Кіраваць ліхтаром можна і ў ручным рэжыме. 

Акрамя Рэспубліканскага рэабілітацыйнага цэнтра для дзяцей-інвалідаў, да канца года сонечныя панэлі таксама плануецца размясціць у Кобрынскім раённым цэнтры экалогіі, турызму і краязнаўства (Брэсцкая вобласць), сярэдняй школе № 16 г. Оршы (Віцебская вобласць), Уцеўскай сярэдняй школе Добрушскага раёна (Гомельская вобласць), гімназіі г. Смаргонь (Гродзенская вобласць), Барысаўскім цэнтры экалогіі і турызму (Мінская вобласць) і сярэдняй школе № 3 г. Асіповічы (Магілёўская вобласць).

Пра праект

Конкурс «Энергія сонца для Зялёных школ» праводзіўся кампаніяй А1 у партнёрстве з Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь, Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь і Праграмай Развіцця ААН у Беларусі. Галоўная мэта праекта – зрабіць экалагічную інфармацыю больш даступнай для школьнікаў і дарослага насельніцтва рэгіёнаў.

 

Похожие записи

Верх