Цяпер і ў Брэсце: першая безбар’ерная кавярня «Інклюзіўны барыста ў А1» адкрылася ў рэгіёнах

Screenshot_3

Найвядомейшая безбар’ерная кавярня краіны адкрылася ў Брэсце пры падтрымцы кампаніі А1. Новая кропка «Інклюзіўны барыста ў А1» пачала працу 23 ліпеня па адрасе Варшаўская шаша, 11. Установа стала ўжо трэцяй у сетцы інклюзіўных кавярняў і першай, што адкрылася ў рэгіёнах.

Спецыяльна для таго, каб гатаваць брэстчанам смачную каву, барыста на вазку Аляксей Сінкевіч пераехаў у Брэст з Полацка, а Дзмітрый Снітко – з Бярозы. Яны не толькі прайшлі адбор у каманду праекта, але і з найлепшымі вынікамі скончылі навучанне ў Акадэміі інклюзіўных барыста – адмысловых курсах з наступным працаўладкаваннем для людзей з інваліднасцю, якія пры падтрымцы кампаніі А1 арганізаваў аўтар праекта, актывіст-вазочнік Аляксандр Аўдзевіч.

«Мы пачыналі з адной маленькай кавярні, у якой працавалі ўсяго тры чалавекі, і за паўтара года з падтрымкай А1 змаглі пашырыць бізнес і пайсці ў рэгіёны. У спісе жадаючых працаваць у Брэсце было больш за 70 чалавек, прычым людзі без інваліднасці таксама хацелі далучыцца да нашай каманды, але ў нас у прыярытэце былі інклюзіўныя супрацоўнікі, таму што ім знайсці працу складаней за ўсё. Пасля папярэдняга адбору і асабістага сумоўя пяцёра прайшлі навучанне ў нашых мінскіх кавярнях на Раманаўскай Слабадзе і на Кастрычніцкай плошчы. Двое з іх адважыліся памяняць не толькі працу, але і месца жыхарства», – адзначылі ў кавярні «Інклюзіўны барыста ў А1».

Screenshot_1

«Для кампаніі А1 гісторыя ўдзелу ў праекце «Інклюзіўны барыста» пачалася з паста ў Facebook пра першыя 5000 кубкаў кавы, прададзеныя ва ўнікальнай кавярні, створанай спецыяльна для таго, каб забяспечыць працай людзей з інваліднасцю. Яго прачытаў наш генеральны дырэктар – і вось ужо хутка год як такая кропка працуе і ў цэнтры лічбавых паслуг А1 па вуліцы Інтэрнацыянальнай у Мінску, дапамагаючы людзям з абмежаванымі магчымасцямі сацыялізавацца. Мы радыя, што гэтая гісторыя працягвае натхняць і распаўсюджваць прынцыпы грамадства роўных магчымасцяў і інклюзіі ў рэгіёны Беларусі. Паспяховы вопыт адкрыцця кавярні «Інклюзіўны барыста ў А1» у Мінску цяпер спатрэбіцца і ў Брэсце», – адзначылі ў кампаніі А1.

Як і ў мінскіх кавярнях, у брэсцкай установе дэталёва прадумана арганізацыя інклюзіўнай працоўнай прасторы: па праекце архітэктара Таццяны Цярэшчанка ў барную стойку эрганамічна ўбудаваныя і кавамашына, і вітрына, і каса – усё, каб можна было хутка і з камфортам абслугоўваць кліентаў. Для напояў ужо падрыхтаваныя фірмовыя стаканчыкі з асабістымі гісторыямі персаналу, а з шыльды наведвальнікам усміхаецца дырэктар сеткі «Інклюзіўны барыста» Вася Паўлікаў – першы ў Беларусі кіраўнік з сіндромам Даўна.

Выхад праекта ў рэгіёны таксама падтрымаў яшчэ адзін пастаянны партнёр – Альфа-Банк, які забяспечвае сістэму плацяжоў у кавярні. Новая кропка на Варшаўскай шашы ў Брэсце (будынак ГЦ «Еўраопт») будзе працаваць штодня з 9:00 да 21:00.

 

Похожие записи

Верх