У Віцебску адбылася прэм’ера фільма “Выбар Барыса Хамайды”

0,,18751001_304,00

Аўтары дакументальнага фільма Алена Сцяпанава і Аляксандр Зянкоў распавялі пра гісторыю стварэння стужкі, а віцебскія фотажурналісты прэзентавалі гледачам вялікую выставу, прысвечаную легендарнаму распаўсюдніку незалежнай прэсы.

Фотавыстава, якую ўбачылі і галоўны герой, і запрошаныя на прэзентацыю яго сябры, умоўна складаецца з некалькіх частак.

Асноўная з іх – гэта фотаздымкі Барыса Хамайды, зробленыя каля так званага “сіняга дома” №28 па вуліцы Леніна ў цэнтры Віцебска, дзе пад бел-чырвона-белым парасонам ўжо каторы год распаўсюджваюцца беларускія незалежныя выданні.

У любую пару года, пад снегам і дажджом, пад сонцам і ў мароз Барыс Хамайда раскладвае свой столік, а на ім – газеты і часопісы. “Асартымент” мяняецца ў залежнасці ад таго, якое выданне трапіла пад забарону і мае цяжкасці з распаўсюдам.

Барыс Хамайда

Другая частка фотавыставы – гэта здымкі, на якіх Барыс Хамайда з’яўляецца ўдзельнікам палітычных і грамадскіх акцый, часам адзіным. Чорная стужка, завязаная на галаве, – сімвал смутку ў дзень угодкаў Чарнобыльскай трагедыі; схілены ў жалобе бел-чырвона-белы сцяг – паездка на могілкі, дзе пахаваны бліжэйшы сябар і паплечнік Уладзімір Плешчанка; вобраз “беларускага Святога Мікалая” – Барыс Хамайда віншуе мінакоў з Калядамі; а яшчэ – піша агульнанацыянальную дыктоўку пад наглядам міліцыянтаў, спрачаецца з палітычнымі апанентамі, прымае віншаванні з Днём Волі і Днём свабоды прэсы…

Больш за 40 фотаздымкаў апошніх гадоў зробленыя Сяргеем Серабром, Ігарам Мацвеевым, Аленай Сцяпанавай, і яшчэ каля дзясятка – архіўных, аўтарства Антона Сцепанішчава. Апошнія складаюць асобны раздзел выставы. Тут Барыс Ханонавіч яшчэ не распаўсюднік, а рэдактар аднаго з першых незалежных выданняў Віцебска – газеты “Выбар”, закрытай, але не забытай гараджанамі.

Пра гісторыю газеты, якую Хамайда зарэгістраваў за ўласныя грошы, заробленыя цяжкай фізічнай працай у Сібіры; пра тое, як ён прыкаваў сябе ланцугом да батарэі, калі рэдакцыю гвалтам высялялі з памяшкання; пра тое, што права на выбар – самы галоўны атрыбут свабоды, і распавядаецца ў дакументальным фільме “Выбар Барыса Хамайды”.

Гэтая стужка – маналог галоўнага героя пра любоў да роднага горада, пра тое, што “газетная справа” дасталася Барыса Ханонавічу ў спадчыну, як ён жартуе. Яго бацька ў дзяцінстве распаўсюджваў газету “Витебский пролетарий”, а ў сталым узросце пісаў туды артыкулы. І пра тое, што некалькі гадоў, ужо пасля закрыцця, газета “Выбар” выходзіла ў падпольных умовах. І пра тое, што быць носьбітам вольнага слова ў яго узросце ўжо няпроста, але ён робіць гэта і будзе рабіць, “бо калі не я, то хто тады?”…

Аўтары стужкі — у апошнім шэрагу

“Адмыслова мы абралі менавіта такую форму – унутраны маналог героя, які гуляе па Віцебску, едзе ў трамваі, сядзіць у кавярні, корміць качак у парку. І распавядае пра стварэнне “Выбара” – газеты, якая стала значнай вехай у яго жыцці”, – кажа аператар Аляксандр Зянкоў.

“Людзі больш прывыклі бачыць Барыса Хамайду ў іншых умовах – калі ён выходзіць да “сіняга дома”, размаўляе пра палітыку, распаўсюджвае газеты. Тамсама, дарэчы, ён распаўсюджваў і “Выбар”, калі выданне яшчэ выходзіла. Але найбольш мяне ўразіла яго прызнанне, што ён дагэтуль ганарыцца газетай. І калі яго затрымліваюць міліцыяты і патыюцца пра месца працы, кажа: “рэдактар газеты “Выбар””. А на заўвагу, што газеты даўно няма, адказвае: “Гэта ў вас газеты няма. А ў мяне ёсць газета, бо яна ў мяне ў галаве”, – гаворыць Алена Сцяпанава, аўтарка гукавага сцэнарыя фільма.

На прэм’еру былі запрошаныя госці – Наталля Плешчанка, дачка сябра Барыса Ханонавіча; адзін з дэлегатаў устаноўчага сходу ГА “БАЖ”, журналіст Андрэй Аліфірэнка, які ў пачатку станаўлення дапамагаў “Выбару” з паперай і выхадам у друк. Людміла Сіманёнак, сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў, якая калісьці працавала ў “Выбары”, прачытала свае вершы; паэт і бард Георгій Станкевіч праспяваў некалькі песень, а Таццяна Мацвеева, аўтарка нарыса “Ад чыноўніка ў аблвыканкаме да апазіцыянера. Як жыве і змагаецца віцебскі дэмакрат Барыс Хамайда”, што ўвайшоў у шорт-ліст пераможцаў конкурса “Вольнае слова”, падзякавала найстарэйшаму віцебскаму актывісту за павагу да прафесіі журналіста, за вернасць сваім перакананям, за аптымізм, якім ён умее натхніць іншых.

Прэм’ера і прэзентацыя адбыліся ў суботу, 4 чэрвеня, і ўжо сталі з’явамі гарадскога жыцця – пра іх з’явіліся артыкулы ў мясцовым незалежным друку. Вялікі фотарэпартаж пра іх можна паглядзець на старонцы “Віцебск. Нашы ў горадзе” ў Фэйсбуку. А Барыс Хамайда атрымаў у падарунак альбом з усімі фотаздымкамі, якія склалі экспазіцыю выставы. Апрача іх, гледачы маглі патрымаць у руках і амаль што “музейныя эксапанаты” – нумары газеты “Выбар” розных гадоў.

 

Источник

Похожие записи

Верх