Доўгачаканы працяг мумітроляў па-беларуску ўжо ў кнігарнях

Screenshot_6

«Мемуары мумітаты» сталі пятай з серыі кніг фінскай пісьменніцы Тувэ Янсан пра мумітроляў.

У гэтай кнізе ўжо вядомыя чытачу з мінулых кніг Сніф, Снусмумрык і Мумітроль самі робяцца чытачамі, а дакладней — слухачамі жыццяпісу Мумітаты. Знаёмыя з папярэдняй мумітрольскай кнігай «Капялюш Чарадзея» памятаюць, як рупліва Мумітата працаваў над сваімі мемуарамі.

Аповед яго атрымаўся поўны прыгодаў, узнёслых думак і нечаканых паваротаў, на якія была багатая маладосць муміаўтара.

Што рухала яго жыццём? Якім ён быў у дзяцінстве і маладосці? Кім былі бацькі Сніфа і Снусмумрыка і як Мумітату звяло з імі жыццё? Як ён спазнаў сапраўднае сяброўства і сапраўднае каханне?

Успаміны Мумітаны так паглынаюць, што разам з ім вы перажывяце выхаваўчыя гульні па-хемульску і ліпкае нашэсце на карабель, шалёнае свята з сюрпрызамі і жахлівыя візіты прывіда, дзівосныя палёты і падводныя вандроўкі, а таксама страшэнна шмат чаго яшчэ.

Кніга «Мемуары Мумітроля» выйшла ў выдавецтве Змітра Коласа. А пераклала яе на беларускую мову Алеся Башарымава.

Кнігу можна набыць у кнігарнях сеткі “Белкніга” і ў “Акадэмкнізе” ў Мінску (пр. Незалежнасці, 72)

Даведка: Тувэ Янсан (1914 — 2001) — фінская шведскамоўная мастачка, ілюстратарка і пісьменніца, вядомая ў свеце найперш сваімі творамі пра мумітроляў (кнігамі і коміксамі).

Па-беларуску раней выходзілі мумікніжкі:  “Маленькія тролі і вялікая паводка” (пераклад Насты Лабады, 2010), «Камета над далінай Мумітроляў» (пераклад Насты Лабады і Алесі Башарымавай, 2011), «Капялюш Чарадзея» (пераклад Алесі Башарымавай, 2011) і «Небяспечнае лета» (пераклад Алесі Башарымавай, 2014).

Похожие записи

Верх