Прэм’ера спектакля па матывах кнігі Андруся Горвата

Radziva Prudok_1

У эфіры «Радзіва «Прудок»: 16 мая ў Купалаўскім тэатры пры падтрымцы Міністэрства культуры і кампаніі velcom адбудзецца прэм’ера спектакля па матывах кнігі Андруся Горвата

16 мая ў Нацыянальным акадэмічным тэатры ім. Янкі Купалы адбудзецца прэм’ера спектакля па матывах кнігі Андруся Горвата «Радзіва «Прудок». Праект ажыццяўляецца пры падтрымцы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. Генеральны партнёр пастаноўкі – кампанія velcom. Рэжысёрам спектакля выступае вядомы акцёр Купалаўскага тэатра Раман Падаляка.

 

«Радзіва «Прудок» распавядае пра мінскага журналіста і дворніка Купалаўскага тэатра Андруся Горвата, які вырашыў з’ехаць у вёску Прудок аднаўляць дом свайго дзеда і прамяняў мітусню вялікага горада на радасці вясковага жыцця і блізкасць да ўласных каранёў. Свае ўражанні ён спачатку размяшчаў на асабістай старонцы ў Facebook – потым гэтыя запісы сталі кнігай. А з 16 мая кніга стане спектаклем.

 

«Андрусь Горват наш даўні сябар яшчэ з часу яго працы ў тэатры. Пасля ад’езду ў Прудок ён напісаў кнігу. Ідэю паставіць спектакль мы абмяркоўваем ўжо даўно. Я вельмі рады і ўдзячны ўсім, што зараз такая магчымасць у нас з’явілася», – распавядае рэжысёр спектакля Раман Падаляка.

 

Напрыканцы 2017 года Раман Падаляка падаў свой праект «Радзіва «Прудок» на конкурс рэжысёрскіх эксплікацый Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і стаў адным з шасці лаўрэатаў, якія атрымалі грант на пастаноўку. Генеральным партнёрам спектакля выступіла кампанія velcom, якая традыцыйна надае вялікую ўвагу праектам, прысвечаным падтрымцы беларускай мовы, літаратуры і нацыянальнай самаідэнтыфікацыі. Прыкладамі могуць служыць маштабныя ініцыятывы, якія праводзяцца на пастаяннай аснове – такія як «Чытаем па-беларуску з velcom», «Беларускія ўікэнды» або MOVABOX.

 

У 2017 годзе «Радзіва «Прудок» атрымала прэмію «Дэбют» імя Максіма Багдановіча і ўвайшла ў шорт-ліст прэміі імя Ежы Гедройца. Кніга Андруся Горвата стала сапраўдным бэстсэлерам сучаснай беларускай літаратуры. Тыраж у 1000 асобнікаў быў распрададзены ў Купалаўскім тэатры за лічаныя гадзіны. Кампанія velcom падтрымала таленавіты праект, прапанаваўшы Андрусю Горвату і «Радзіву» стаць героямі аднаго з этапаў культурна-літаратурнага праекта MOVABOX.

 

«Ідэя стварэння спектакля прывабіла мяне адразу. Разам з акторамі Купалаўскага тэатра мы пачалі шукаць спосабы яе мастацкай рэалізацыі. Па матывах адной з гісторый Андруся мы знялі караткаметражны фільм «Ягор», які прыняў удзел у фестывалі мабільнага кіно velcom Smartfilm. Фільм быў удастоены прыза глядацкіх сімпатый», – адзначыў Раман.

 

«Думаю, калі і можна казаць аб нейкім фенамене папулярнасці маёй кнігі, гэта тое, што яна дапамагла тым, хто забыў, ўспомніць, а тым, хто не здагадваўся, – зразумець, як важна ведаць і любіць месца на гэтай зямлі, адкуль ты выйшаў, і не саромецца любіць яго. Ва ўсялякім выпадку, гэта важна для мяне, і таму менавіта так мне хацелася б лічыць. І калі праз спектакль гэтая ідэя знойдзе яшчэ адну сцежачку ў думкі і сэрцы гледачоў, я буду толькі рады», – адзначыў Андрусь Горват.

 

«Мы ўбачылі, што гэтая гісторыя – гісторыя жыцця і творчасці Андруся Горвата – пачалася ў Купалаўскім, дзе яна павінна і працягнуцца. Сучасная беларуская творчасць сапраўды заслугоўвае таго, каб пра яе казалі, ад яе атрымлівалі асалоду, няхай гэта будзе літаратура, кіно ці тэатр. Пастаянная падтрымка праектаў, арыентаваных на беларускую культуру, адзін з ключавых вектараў нашага развіцця ў сацыяльна-культурным полі. І сінтэз сцэнічнага майстэрства і літаратурнага слова – выдатная магчымасць прадэманстраваць разнастайнасць формаў сучаснага беларускага мастацтва, зрабіць яго жывым, а галоўнае, пабудаваць з гледачом дыялог, каб данесці да яго ідэі, несумненна каштоўныя для нас», – адзначае кіраўнік аддзела карпаратыўных камунікацый кампаніі velcom Вячаслаў Смірноў.

 

Зараз жа «Радзіва «Прудок» пачынае новае жыццё ў форме спектакля, а ўпадабаныя чытачамі вобразы прудкоўцаў увасобяць лепшыя акцёры Нацыянальнага акадэмічнага тэатра ім. Янкі Купалы Святлана Анікей, Міхаіл Зуй і Зміцер Есяневіч. Спектакль будзе пастаўлены на Камернай сцэне тэатра, якая з’яўляецца пляцоўкай для рэалізацыі эксперыментальных праектаў маладых рэжысёраў. Асобны сюрпрыз падрыхтаваны для ўсіх прудкоўцаў: гісторыя, героямі якой яны сталі, прыедзе да іх у вёску са спецыяльным паказам спектакля «Радзіва «Прудок».

 

Квіткі на пастаноўку з’явяцца ў продажы напрыканцы сакавіка, набыць іх можна будзе ў касах тэатра або анлайн. Даведацца больш аб паказе і сачыць за навінамі праекта можна на сайтах velcom.by і kupalauski.by.

Похожие записи

Верх