Альбом “1937”: расстраляная паэзія загучала пад электроніку

BNB

Трыа Buben Naruszewicz Baisan выпусціла альбом «1937». Праграма на вершы паэтаў трыццатых была запісаная на студыі дзяржаўнага радыё, яе прэзентацыя адбылася ў праграме “Тэрыторыя гуку” на Першым канале. Пад акампанемент гітары Нарушэвіча і электроніку Бубена на ўсю краіну загучалі вершы Юлія Таўбіна, Яўгеніі Пфляўмбаўм, Алеся Дудара, Міхася Чарота, Уладзіміра Дубоўкі, Тодара Кляшторнага. Цяпер альбом даступны для праслухоўвання ў інтэрнэце.

 

Слухаць альбом на SoundCloud

 

Каментуюць стваральнікі, “Мы цешымся, што афіцыйная прэзентацыя адбылася на цэнтральным радыёканале, бо менавіта там мусяць гучаць нацыянальныя героі. Канцэпцыя альбома вельмі простая і сумная: па кожнаму з паэтаў прайшоўся 37-ы год. Іх лёсы не пакідаюць нас абыякавымі, як і лёсы нашых сямей: расстраляны продак Улада Бубена, Іван Мезін, быў апошнім старастам Чырвонага касцёла, пераследаваліся і два прадзеда Алеся Плоткі. Сёння мы імкнемся вярнуць паэзію 30-х у сучасны кантэкст, калі ўжо не кожны счытае сэнс вокладкі з фарамі машыны пад домам”.

Трыа Buben Naruszewicz Baisan утварылася на глебе супрацы паэта Алеся Плоткі (Baisan) з культавым электронным музыкам Уладам Бубенам. Разам з гітарыстам Леанідам Нарушэвічам (гурт “Князь Мышкін”) яны выдалі шэраг альбомаў. Сярод іх вылучаюцца альбомы Bulbahuana, які ўвайшоў у топ-3 лепшых электронных альбомаў Беларусі 2017 і “Папяросы” – пераклад кнігі Юрко Іздрыка.

У планах трыа – рэліз альбома “З нажом на Сонца” (часткі паэмы «Калі асядае муць» Тодара Кляшторнага) і выступ у Ракаве 30 чэрвеня.

Похожие записи

Верх