Выстава твораў Ізраіля Басава «Прамудрасць збудавала сабе дом …»

2_Басов горизонтальное изображение

15 жніўня 2018 года а 17-й гадзіне ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь адкрыецца маштабная, рэтраспектыўная выстава твораў Ізраіля Басава «Прамудрасць збудавала сабе дом …», прымеркаваная да 100-годдзя з дня нараджэння майстра, які стаў класікам беларускага мастацтва ХХ стагоддзя.

Словы прытчы, узятыя ў якасці назвы юбілейнай выставы, як мага дакладней характарызуюць жыццё і творчасць мастака. Басаў ва ўсіх сэнсах гэтага слова пабудаваў свой мастакоўскі дом. Строгі і тонкі майстар, які стаяў асабняком сярод пакалення беларускіх мастакоў другой паловы ХХ стагоддзя, ён у процівагу афіцыйным прыярытэтам здолеў захаваць вернасць уласнай творчай пазіцыі і стварыць свой выразны і вядомы стыль.

Мастацтва Басава яшчэ пры жыцці выклікала шмат спрэчак. Нягледзячы на сяброўства ў Саюзе мастакоў БССР, доўгія гады майстар быў асуджаны на творчую адзіноту. Фармальная смеласць яго жывапісу, вызваленне ад сацыяльнай дыдактыкі сацрэалізму абумовілі яго вельмі скупы выставачны лёс і адсутнасць персанальных выстаў. І толькі пасля смерці мастака прыйшло прызнанне яго як аднаго з таленавітых і яркіх майстроў беларускага мастацтва.

Галоўным вобразам, які аб’ядноўвае ў сабе практычна ўсю выставу, з’яўляецца дом – устойлівы сімвал духоўнага ладу. Звычайны блочны дом становіцца ў Басава носьбітам мноства асацыяцый. Гэта храм, палац, цэнтр свету і космас. Дамы ў мастака розныя: вялікія і яркія, якія займаюць цэнтральнае становішча і якія ідуць углыб кампазіцыі, тапаграфічна пазнавальныя і абстрагаваныя. Але ўсе яны напоўнены значным сэнсам, у іх перамяшаліся сакральнае і прафаннае, штодзённае і велічнае. Для мастака дом – гэта не толькі функцыя. Гэта сакральная прастора і філасофія жыцця.

На выставе будзе прадэманстравана больш за 60 жывапісных і графічных работ са збораў Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка, фонду Беларускага саюза мастакоў, Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва, калекцыі сям’і мастака. Многія творы будуць дэманстравацца ўпершыню.

Сумесна з фірменным салонам нямецкіх фарбаў Caparol Center мы пабудуем экспазіцыю выставы такім чынам, што гэтадасць аб’ёмнае ўяўленне пра жыццё і творчасць мастака. Жывапісныя і графічныя работы дапоўніць разгорнутая інфармацыйная зона, якая ўключае фатаграфіі і дакументы, відэанарыс, падрыхтаваны Міжнародным спадарожнікавым тэлеканалам “Беларусь 24” у рамках праграмы пра сучаснае мастацтва «АРТіШОК». Публічная праграма ў рамках выставы ўключыць у сябе экскурсію ад куратара і інтэрактыўную праграму «Аранжавы дом» для дзяцей малодшага і сярэдняга школьнага ўзросту.

  Партнёр выставы – Caparol Center,  Мінск,  праспект Пераможцаў, 106

 

Куратар выставы – Кацярына Ізафатава, загадчык аддзела сучаснага беларускага мастацтва

Похожие записи

Верх