Нататнікі Таццяны Малышавай

Screenshot_5

27 верасня 2018 года а 17-й гадзіне ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь адбудзецца адкрыццё выставы “Нататнікі Таццяны Малышавай”.

У экспазіцыі будзе прадстаўлена каля дзесяці шкляных дэкаратыўных кампазіцый, створаных аўтарам у 1970–2010-я гады, а таксама каля дзесяці твораў арыгінальнай графікі 1970–1980-х гадоў.

Імя Таццяны Малышавай добра вядома сярод знаўцаў і аматараў беларускага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. На славутым шклозаводзе «Нёман» яна была першым прадстаўніком мінскай школы мастацкага шкла, якая атрымала спецыяльную адукацыю на кафедры шкла і керамікі Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута (цяпер – Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў). У 1972 годзе таленавітая выпускніца паступіла на пасаду мастака ў эксперыментальна-мастацкі аддзел, дзе ёй пашчасціла працаваць пад кіраўніцтвам найдасканалейшага майстра сваёй справы, легендарнага Уладзіміра Мурахвера.

Таццяна Малышава належыць да таго пакалення беларускіх мастакоў, якія, з аднаго боку, працягнулі развіццё вобразна-дэкаратыўнага пачатку ў мастацкім шкле, закладзенага іх настаўнікамі, і адначасова здолелі прыўнесці новае разуменне ў стварэнне твораў мастацкага шкла, звязанае з асацыятыўнай вобразнасцю. Выразнасць і арыгінальнасць твораў Таццяны Малышавай дасягаецца шляхам прымянення такіх сродкаў, як метафара, сімвал, знак. У сферу творчых інтарэсаў мастачкі ўваходзяць пошук гармоніі і раўнавагі паміж гісторыяй і сучаснасцю; уласнае бачанне маральных і інтэлектуальных праблем часу; увасабленне свету асацыяцый; выяўленне ў шкле такіх з’яў фізікі, як імпульс, рух; адлюстраванне сэнсавага зместу слова, што часта знаходзіць месца і ў назвах твораў.

Таццяне Малышавай уласціва філасофскае светаадчуванне. Лепшыя яе творы – вынік працяглага асэнсавання тэмы, абагульнення і абдумвання дэталяў, эксперыментавання з тэхналогіяй. Такое сур’ёзнае стаўленне да сваёй творчасці выявілася і ў шырокім коле інтарэсаў мастачкі. У выкананні Таццяны на выставе можна ўбачыць графічныя партрэты людзей, што працавалі з ёй на шклозаводзе «Нёман».

Творчасць Таццяны Малышавай вызначае бездакорнае валоданне прафесійнымі навыкамі, высокая мастацкая культура і, вядома ж, любоў да шкла, бязмерная яму адданасць.

 

Похожие записи

Верх