Выставачны праект «Сучаснікі ХХ. Стагоддзе беларускага партрэта»

unnamed

7 снежня 2018 года а 17-й гадзіне ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь адкрыецца буйнамаштабны выставачны праект «Сучаснікі ХХ. Стагоддзе беларускага партрэта», які прапануе сустрэчу з самымі яскравымі партрэтамі з розных беларускіх збораў у разрэзе цэлага стагоддзя. Больш за 100 твораў жывапісу, графікі і скульптуры з калекцый Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, Віцебскага абласнога краязнаўчага музея, фондаў Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў, Беларускага саюза мастакоў, а таксама збораў прыватных калекцыянераў Аляксандра і Іны Радаевых, Андрэя Плясанава, персанальных калекцый аўтараў створаць сапраўдны даведнік у асобах па гісторыі нашай краіны.

Храналагічная пабудова экспазіцыі, у якую ўваходзяць пяць раздзелаў – «Губернскі партрэт», «У пошуках нацыянальнага. Партрэт 1920–1930-х», «Партрэт краіны-фронту», «Новыя героі. Партрэт конца 1950–1970-х», «Эпоха перамен. Партрэт 1980–1990-х», дасць панарамнае ўяўленне пра дух часу, адлюструе важныя гістарычныя падзеі, дазволіць прасачыць эвалюцыю стылявых інтэрпрэтацый партрэтнага жанру ў ХХ стагоддзі. На выставе будзе паказана ўсё багацце ўнутрыжанравай разнастайнасці: парадныя і афіцыйныя, групавыя і камерныя партрэты, жаночыя і дзіцячыя вобразы, партрэты-тыпы і выявы творчых людзей, аўтапартрэты і партрэты-эцюды. Выстава таксама дасць рэдкую магчымасць убачыць адну і тую ж мадэль вачыма розных аўтараў, паказаць работы, якія ўпершыню паўстануць перад шырокай публікай.

Да выставы падрыхтавана насычаная праграма мерапрыемстваў, якая ўключае ў сябе аўтарскую экскурсію ад куратара, лекторый, 15-хвілінныя «Апавяданні аб адным з партрэтаў выставы». Выстава таксама дапоўнена тэкставым і аўдыяльнага кантэнтам для індывідуальных наведвальнікаў (эксплікацыі да раздзелаў, анатацыі да партрэтаў, гукавое суправаджэнне). Упершыню на выставе шырока будуць прадстаўлены інтэрактыўныя прапановы, адрасаваныя індывідуальным наведвальнікам. Інтэрактыўны буклет «Observe, think, create», падрыхтаваны на рускай, англійскай і французскай мовах, стане правадніком у свет беларускага партрэта XX стагоддзя. У яго стварэнні прынялі ўдзел людзі рознага ўзросту і прафесіі з 10 краін свету. Наведвальнік выставы зможа выбраць не толькі мову, але і ракурс узаемадзеяння з аб’ектамі тэматычнай экспазіцыі.

Праект рэалізаваны пры падтрымцы гранта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у навуцы, адукацыі, ахове здароўя, культуры на 2018 год.

 

Куратар выставы:

Ізафатава Кацярына Віктараўна,

кандыдат мастацтвазнаўства,

загадчык аддзела сучаснага беларускага мастацтва

 

 

Похожие записи

Верх