Выстава “Аголеныя пачуцці. Сакральны сэнс”

14 снежня 2018 года а 17-й гадзіне адбудзецца ўрачыстае адкрыццё рэтраспектыўнай выставы “Аголеныя пачуцці. Сакральны сэнс” заслужанага дзеяча мастацтваў Рэспублікі Беларусь, лаўрэата спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “За духоўнае адраджэнне” Уладзіміра Уладзіміравіча Кожуха (1953–2017).

Уладзімір Кожух – выдатны жывапісец, тонкі каларыст, які дасканала валодаў малюнкам. Яго жывапісным творам уласціва кампазіцыйная завершанасць, абагульненасць вобразаў, філасафічнасць і метафарычнасць аўтарскага мыслення. Яму падуладны былі як тэматычная карціна, так і пейзаж, нацюрморт, партрэт… Але за гэтай віртуознай лёгкасцю скрывалася шматгадовая мастацкая адукацыя і штодзённая, без выхадных і свят, напружаная праца аўтара за мальбертам, сам-насам з чыстым палатном.

Ужо болей за год таму Майстар заўчасна пайшоў з жыцця. У гэтым годзе яму б споўнілася 65… Рэтраспектыўная выстава “Аголеныя пачуцці. Сакральны сэнс” – гэта даніна памяці і павагі да таленту мастака з боку калег, сяброў, родных, аматараў яго мастацтва. У адзінай экспазіцыйнай прасторы будуць прадстаўлены творы Уладзіміра Кожуха 1980-х–2010-х гадоў з фондаў Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў Рэспублікі Беларусь, Беларускага саюза мастакоў, Гісторыка-культурнага музея-запаведніка “Заслаўе”, Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы, карпаратыўнай калекцыі ААТ “Пріорбанк”, а таксама з прыватных збораў і калекцыі сям’і.

Творчасць Майстра заўсёды адрознівалася вялікай мастацка-сацыяльнай і філасофскай напоўненасцю. На выставе будуць прадстаўлены яго знакавыя творы, прысвечаныя сацыяльнай тэматыцы, тэме вайны, нацыянальнага адраджэння, хрысціянства, народным святам, беларускаму краявіду, вобразу жанчыны, Мастака і Музы.

Уладзімір Кожух, нягледзячы на тое, што быў сціплым чалавекам пры жыцці, праявіў сябе наватарам і імправізатарам у творчасці, жывапісным кампазітарам, шматгранным творцам, у першую чаргу – глыбока нацыянальным мастаком са сваім адметным філасофскім бачаннем свету. У яго шырокай разнапланавай творчай спадчыне, што складае адзіны жывапісны цыкл, гучыць аўтарская мелодыя дабрыні і летуцення, дух веры, святла і чысціні, што прайшлі праз яго сэрца і назаўсёды занатаваны на палотнах.

У рамках адкрыцця выставы адбудзецца прэзентацыя кнігі “Уладзімір Кожух” (аўтар тэкста і складальнік У.І. Пракапцоў)  з серыі “Славутыя мастакі Беларусі” (сумесны праект Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь і выдавецтва “Беларусь”).

 

Выстава будзе працаваць да 13 студзеня 2019 года.

Похожие записи

Верх