Урачыстая цырымонія перадачы ў дар жывапіснага твора Міхаіла Кікоіна (1892–1968) «Нацюрморт»

3_Нацюрморт Кікоін

18 снежня 2018 года а 17-й гадзіне ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь адбудзецца ўрачыстая цырымонія перадачы ў дар жывапіснага твора Міхаіла Кікоіна «Нацюрморт» ад Пасольства Рэспублікі Беларусь у Швейцарскай Канфедэрацыі.

Гэта першы твор нашага земляка, прадстаўніка знакамітай Парыжскай школы, жывапісца, графіка, які папоўніць калекцыю музея.

На сённяшні дзень важнай задачай музея з’яўляецца стварэнне інтэгральнай карціны развіцця айчыннага мастацтва ХХ стагоддзя – такога складанага, насычанага перыпетыямі і супярэчнасцямі часу.

Актыўная рэактуалізацыя забытых і невядомых старонак беларускай культуры і мастацтва пачынаецца з канца 1980-х гадоў, калі пад уплывам рэформ «перабудовы» ў мастацкую прастору ўрываецца магутны струмень «вернутай» мастацкай спадчыны. Пачаўся працэс вяртання з забыцця імёнаў мастакоў, якія раней былі на перыферыі грамадскай увагі. З канца 1980-х гадоў у мастацтвазнаўчых даследаваннях пачынаюць фігураваць імёны Марка Шагала, Казіміра Малевіча, Эля Лісіцкага і іншых. Ужо ў ХХI стагоддзі для беларускіх гледачоў становяцца вядомымі мастакі знакамітай Парыжскай школы – інтэрнацыянальнай супольнасці мастакоў, якія ўладкаваліся ў Парыжы ў першай палове ХХ стагоддзя, дзе важную ролю адыгрывалі мастакі з беларускімі каранямі.

У гэтай сувязі перадача ў дар твора Міхаіла Кікоіна – важны крок на шляху фарміравання паўнавартаснай калекцыі. Пасля стараннага вывучэння дадзены музейны прадмет будзе дэманстравацца на тэматычных выставах Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь і іншых музеяў.

Творы Міхаіла Кікоіна знаходзяцца ў прыватных і музейных зборах Францыі, ЗША, Японіі, Ізраіля, Расіі, многіх іншых краін свету. Сярод беларускіх збораў яго творчасць прадстаўлена ў карпаратыўнай калекцыі ААТ «Белгазпрамбанк», дзе знаходзяцца 5 яго твораў. Усе яны ўключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.

 

Похожие записи

Верх