Прэмія за беларускую сеціратуру з’явіцца ў 2019 годзе

kindle-1867751_960_720

Літаратурнай прэміяй «Празрысты ЭОЛ» будуць адзначаныя найлепшыя электронныя кнігі і онлайн-публікацыі. Заснавальнікамі прэміі выступілі вэб-часопіс «ЛітРАЖ» і шэраг пісьменнікаў, якія па «оскараўскім» прынцыпе згуртаваліся ў прафесійную акадэмію. Першае ўганараванне лаўрэатаў плануецца ўжо ўвесну 2019 году. Пераможцы будуць вызначаныя адразу ў дваццаці катэгорыях.

Намінаваць на прэмію творы і абіраць пераможцаў будуць сябры Віртуальнай літаратурнай Акадэміі прэміі шляхам тайнага онлайн-галасавання. У яе ўжо ўвайшлі (дадаюцца па меры пацверджання) людзі з несумненнымі дасягненнямі ў літаратуры: Валянціна Аксак, Уладзімір Арлоў, Леанід Галубовіч, Сяргей Дубавец, Уладзімір Някляеў, Барыс Пятровіч, Людміла Рублеўская, Міхась Скобла, Аляксандр Фядута і многія іншыя. Асобныя літаратары, якія не змаглі ўвайсці ў склад Акадэміі, выказалі падтрымку: Наталка Бабіна, Вінцэсь Мудроў, Андрэй Федарэнка.

«Прэмія была задуманая намі дзеля таго, каб у межах сваіх магчымасцяў спрыяць выданню і пашырэнню беларускіх электронных кніг, якія стануць у будучыні гарантыяй усеагульнай даступнасці найлепшых і найноўшых літаратурных твораў. Таксама мы спадзяемся, што прэмія станоўча адаб’ецца на якасці літаратурных онлайн-публікацый на беларускай мове, дасць беларускай літаратуры не толькі новых чытачоў, але і аўтараў», заявіў Аргкамітэт прэміі, у які ўвайшлі Алесь Аркуш, Наста Кудасава, Сяргей Прылуцкі, Ілля Сін, Ірына Шаўлякова і Макс Шчур.

Сакратарыят Прэміі прымае ад чытацкай (і аўтарскай) публікі рэкамендацыі што да твораў, якія заслугоўваюць быць вынесенымі на разгляд Віртуальнай літаратурнай Акадэміі і намінаванымі на прэмію «Празрысты ЭОЛ»-2018.

Патрабаванні да твораў:

  • беларуская мова (любы правапіс);
  • апублікаваны ў інтэрнэце (за выняткам сацыяльных сетак – гл. Статут прэміі) ў 2018 годзе;
  • аб’ём большы за «надта малы» (прыблізна 2000+ слоў, 10000+ знакаў без прабелаў).

Для падачы рэкамендацыі дастаткова даслаць мэйл са спасылкай на рэкамендаваны твор на адрас eol.litrazh@gmail.com да 15-га студзеня 2019 года.

Похожие записи

Верх