Купалаўскі тэатр пакажа спектаклі ў Гродна

stage-curtain-660078_960_720

Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы 25 і 26 кастрычніка наведае з гастролямі Гродзенскі абласны драматычны тэатр, дзе пакажа спектаклі “Рэвізор” і “Паўлінка”. На паказы спектакляў ўжо прададзена больш за 1000 квіткоў. З іх каля 600 гледачоў наведае візітоўку Купалаўскага тэатра – спектакль “Паўлінка”.

“Рэвізор” і “Паўлінка” – адны з самых папулярных спектакляў з рэпертуара Галоўнай сцэны Купалаўскага тэатра. Спектакль “Рэвізор” рэжысёра і мастацкага кіраўніка тэатра Мікалая Пінігіна стаў сапраўднай тэатральнай сенсацыяй мінулага году і атрымаў Нацыянальную тэатральную прэмію ў трох намінацыях. Неўміручая “Паўлінка” рэжысёра Льва Літвінава ідзе на сцэне Купалаўскага тэатра з 1943 года. За гэты час змянілася некалькі пакаленняў акцёраў, але славутая п’еса Янкі Купалы працягвае зачароўваць гледачоў і па сённяшні дзень. 

Купалаўскі тэатр працягвае гастрольнае турнэ па гарадах Беларусі з нагоды святкавання 100-га тэатральнага сезона. Наступны выезд тэатра на гастролі адбудзецца ўжо 5 лістапада – у Бабруйску будзе паказаны спектакль “Ураджай” паводле п’есы Паўла Пражко ў межах VII Рэспубліканскага фестывалю нацыянальнай драматургіі імя Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча.

 

Похожие записи

Верх