“Рускі імпрэсіянізм” у Мастацкім

3_РускіІмпрэсіянізм1

У Нацыянальным мастацкім музеі з 1 лістапада 2019 года пачне працаваць выстава “Рускі імпрэсіянізм”, дзе будуць прадстаўлены каля 100 твораў жывапісу, графікі і скульптуры з фондаў музея. Значная частка твораў будзе экспанавацца пасля доўгага перапынку (ад 20 да 75 гадоў знаходжання ў запасніках), а некаторыя працы выйдуць для публікі ўпершыню. Выстава дае магчымасць убачыць імпрэсіянізм не толькі як мастацкі кірунак… XIX–ХХ стагоддзяў, але і як творчы метад, якім шырока карысталіся напрацягу ўсяго ХХ стагоддзя. Выстава будзе працаваць да 10 студзеня 2020 года.

Імпрэсіянізм як інавацыйная плынь 1870-х гадоў і “вынаходніцтва” французскіх жывапісцаў пачаўся са скандалу ў мастацкім свеце, але ўжо к пачатку ХХ стагоддзя ён стаў з’явай звыклай і нават некалькі састарэлай, а ў сярэдзіне 1900-х гадоў французскі жывапіс прыняўся за вырашэнне зусім іншых задач. Для рускага мастацтва засваенне логікі імпрэсіяністычнага мыслення і прыёмаў жывапісу пачалося на рубяжы XIX–XX стагоддзяў. На рускай глебе, якая патрабавала ад мастацтва не столькі прыгожай формы, колькі філасофска-змястоўнага падыходу, імпрэсіянізм быў ператвораны і інтэрпрэтаваны ў нацыянальных традыцыях. Абрам Архіпаў, Сяргей Вінаградаў, Канстанцін Каровін, Валянцін Сяроў, Аляксандр Мараваў, Пётр Пятровіч, Леанард Туржанскі, Аляксей Сцяпанаў, Міхаіл Шамякін – вось толькі некаторыя імёны маскоўскіх мастакоў, якія прынеслі славу рускаму імпрэсіянізму. Вельмі шмат тых, хто ў сваёй творчасці пройдзе перыяд уплыву імпрэсіяністычнага жывапісу. Гэта – Сяргей Малюцін, Філіп Малявін, Сцяпан Калеснікаў, Мікалай Кузняцоў і інш.

У савецкі перыяд уплыў таталітарызму і ідэалогіі на мастацтва спынілі натуральны ход яго развіцця і пацягнулі за сабой змяненне творчых метадаў многіх мастакоў. З 1932 года савецкае мастацтва бярэ курс на сацыялістычны рэалізм, усе астатнія кірункі, не арыентаваныя на рэалістычную школу, падвергліся жорсткай крытыцы. Слова “імпрэсіянізм” набыло негатыўную афарбоўку, абвінавачванні ў “фармалізме” ўсё часцей загучалі са старонак разгромных рэцэнзій. Для многіх мастакоў гэта стала пачаткам адмовы ад авангардных пазіцый і зваротам да рэалістычнай традыцыі. Але рэалістычнай традыцыі не сухога акадэмічнага ўзору (што было б зусім радыкальна), а змененай павевамі пленэрнага імпрэсіяністычнага жывапісу, які (шмат у чым дзякуючы вучню К. Каровіна і любімаму мастаку Сталіна шчыраму імпрэсіяністу А. Герасімаву) да сярэдзіны ХХ стагоддзя стаў адным з вядучых творчых метадаў савецкіх мастакоў. Да савецкага імпрэсіянізму можна аднесці творчасць Сяргея Герасімава, Фёдара Мадорава, Аляксандра Асмёркіна, Генрыха Паўлоўскага, братоў Ткачовых, Таццяны Яблонскай, Віктара Арэшнікава і інш.

 

Похожие записи

Верх