Купалаўскі тэатр прадставіў спектакль “Ураджай” у рамках фестывалю нацыянальнай драматургіі ў Бабруйску

stage-curtain-660078_960_720

5 лістапада Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы наведаў з гастролямі Бабруйск: у рамках VII Рэспубліканскага фестывалю нацыянальнай драматургіі імя В.І. Дуніна-Марцінкевіча быў паказаны спектакль “Ураджай”. Фестываль збірае лепшыя спектаклі Беларусі, створаныя па п’есах выбітных беларускіх драматургаў, а таксама ставіць мэтай адкрыццё новых таленавітых аўтараў, папулярызацыю беларускіх драматургаў ў краіне і за мяжой, пашырэнне рэпертуарнай палітры тэатраў. 

Спектакль “Ураджай” – адна з апошніх прэм’ер на Камернай сцэне Купалаўскага тэатра. Рэжысёр Дзмітрый Цішко ўвасобіў на сцэне тэкст вядомага беларускага драматурга Паўла Пражко – гэтае імя ўжо стала вядомым аматарам тэатра ва ўсім свеце, а ягоныя п’есы былі перакладзены на замежныя мовы і пастаўлены многімі еўрапейскімі тэатрамі. Акрамя гэтага, у хуткім часе Купалаўскі тэатр пакажа спектакль “Ураджай” у Парыжы. Паказы адбудуцца 5 і 6 снежня  на пляцоўцы Espace Beaujon. 

Купалаўскі тэатр працягвае адзначаць юбілейны 100-ы сезон і гастраляваць па рэгіёнах Беларусі. 15 лістапада спектакль ART будзе паказаны ў Лідзе на сцэне гарадскога Дома культуры. У снежні 2019 года тэатр плануе гастролі ў Гомель і Салігорск. На сцэне Гомельскага абласнога драматычнага тэатра 3 снежня ў межах XIV Міжнароднага фестывалю “Славянскія тэатральныя сустрэчы” будзе паказаны спектакль “Рэвізор”. Легендарны спектакль “Вечар” рэжысёра Валерыя Раеўскага, у якім ролі выконваюць славутыя Генадзь Аўсяннікаў, Зінаіда Зубкова, Тамара Міронава і Аляксандр Падабед, пройдзе ў Салігорску 7 снежня. 

 

 

Похожие записи

Верх