VOKA працягвае анлайн-трансляцыі з Купалаўскага тэатра

Screenshot_7

У 2020 годзе відэасервіс VOKA працягне серыю трансляцый знакавых спектаклей Купалаўскага тэатра. У студзені ў прамым эфіры можна будзе ўбачыць адразу дзве патаноўкі – «Людзі на балоце» і «Вечар». Анлайн-паказы праводзяцца ў рамках спецыяльнага праекта да 100-годдзя найстарэйшага драматычнага тэатра краіны, юбілейны сезон якога праходзіць пры падтрымцы генеральнага партнёра – кампаніі А1.

Гледачы маюць магчымасць убачыць спектаклі Купалаўскага тэатра не толькі набыўшы квіткі, але і бясплатна ды ў любой кропцы Беларусі. У прамым эфіры на відэасервісе VOKA ўжо адбыліся паказы спектакляў «Радзіва «Прудок», «Дзве душы» і «Зямля Эльзы». На чарзе – яшчэ дзве знакавыя пастаноўкі купалаўцаў. У прамы эфір на VOKA спектакль «Людзі на балоце» выйдзе 9 студзеня, а знакаміты «Вечар» – 18 студзеня.

«Людзі на балоце» – спектакль, без якога рэпертуар нацыянальнага тэатра ўявіць ужо немагчыма. Гісторыю Івана Мележа пра падзел зямлі ў палескай вёсцы Курані і любоўны трохкутнік Ганна – Васіль – Яўхім яшчэ з урокаў літаратуры ведае ледзь не кожны школьнік у краіне. Прэм’ера паводле знакамітага твора беларускага класіка адбылася ў 2012 годзе, але і па сёння збірае поўныя залы. Рэжысёр спектакля – Аляксандр Гарцуеў. Праца мастака Ігара Анісенкі ў гэтым спектаклі адзначана Прэміяй Івана Ушакова за найлепшую сцэнаграфію (2013). 

Screenshot_1

«Вечар» – адзін з найстарэйшых спектакляў на купалаўскай сцэне, які не сыходзіць з падмосткаў ўжо амаль 14 гадоў. Яго паставіў яшчэ Валерый Раеўскі – легендарны рэжысёр мастацкі кіраўнік, з імем якога звязана асобная эпоха ў гісторыі тэатра. Акцёрскі склад тут таксама зорны: народны артыст СССР і Беларусі Генадзь Аўсяннікаў, народная артыстка Беларусі Зінаіда Зубкова і заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Тамара Міронава. Сцэнаграфія – народнага мастака Беларусі і галоўнага мастака тэатра Барыса Герлавана. Дый нават аднайменную п’есу Аляксея Дударава, па якой пастаўлены спектакль, многія называюць найлепшай з усіх, што ён напісаў. Сваімі героямі ён зрабіў трох старых, што дажываюць век ва ўсімі забытай вёсцы. «Вечар» – гэта кранальны філасофскі рэквіем-роздум пра тое, як да апошняй хвіліны свайго жыцця адчуваць радасць і заставацца чалавекам.

Шматкамерная мастацкая здымка ў высокай якасці дазволіць кожнаму гледачу максімальна паглыбіцца ў атмасферу тэатральнай залы і ўбачыць усё, што адбываецца на сцэне, з розных ракурсаў. Абедзве трансляцыі будуць даступны выключна ў прамым эфіры – з любой прылады і ў сетцы любога аператара пасля аўтарызацыі ў мабільным прыкладанні VOKA ці на сайце voka.tv па нумары тэлефона. Пачатак паказаў а 19-й.

Сачыце за самымі цікавымі падзеямі юбілейнага сезона разам з VOKA!

 

Похожие записи

Верх