Выстава “Без шкла. 12 акварэлей Вячаслава Паўлаўца” 

1_12 акварелей

Вячаслаў Паўлавец – адзін з выбітных акварэлістаў Беларусі мяжы ХХ–ХХI стагоддзяў – у 2019 годзе адзначыў сваё 60-годдзе. Некаторыя з яго твораў ужо даўно сталі класікай беларускага мастацтва ХХ стагоддзя і ўвайшлі ў многія альбомы, прыватныя калекцыі і пастаянную экспазіцыю Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь. У фондах музея захоўваюцца 18 лепшых твораў мастака розных гадоў. Гэта другая персанальная выстава майстра, першая – “Перакрыжаванні часу” – адбылася 13 гадоў назад, у 2006 годзе.

12 выбраных акварэлей апошніх гадоў (усе яны – уласнасць мастака), з якіх складаецца экспазіцыя выставы, прадстаўлены ў нязвыклай нетрадыцыйнай манеры афармлення графічных твораў – без шкла. Творы ў гэтым выпадку безабаронныя, адкрытыя. Паміж мастаком і гледачом не існуе перашкод. “Гэтага не стае ў зносінах людзей са светам, з грамадствам. Праз шкло манітора, смартфона, тэлевізара ў мозг чалавека трапляе безліч фактаў, інфармацыі. Пачуцці чалавека мяняюцца на муляжы, сімулякры, фантомы і эмоцыі. Але адкрытасць, шчырасць, безабароннасць – гэта не слабасць, а моц, якая разам з інтуіцыяй высвечвае шлях да існасці”, – лічыць мастак.

Паўлавец – выхаванец Беларускай акадэміі мастацтваў – верны прыхільнік акварэлі, які дакладна адчувае асаблівую філасофію матэрыялу. Ад абсалютнай адданасці натуры першых гадоў самастойнай работы мастак сышоў у прынцыповую імправізацыйнасць, працу па памяці. Акварэлі Вячаслава Паўлаўца – праекцыя яго эмоцый на ліст паперы, амаль медытацыя. Яго безумоўныя шэдэўры – манахромныя мінімалісцкія краявіды, у якіх ён апеў і ўзвысіў да паэтычнай метафары беларускі бяссонечны “шэранькі дзянёк” з дзясяткамі найтонкіх нюансаў. Ён працуе ў тэхніцы alla prima (вадкімі фарбамі па вільготнай паперы), давяраючы выпадку і пракудам цякучай фарбы. У гэтым мастак бачыць хараство працы акварэліста, і яго ахоплівае задавальненне ад працэсу творчасці і здабытага выніку. Ён піша тонкім пластом, каб папера прасвечвала, “дыхала”, прычым без папярэдняга алоўкавага накіда. Адбываецца чараўніцтва зліцця паперы, фарбы, вады і святла. У акварэлі майстра ярка выяўляецца асаблівая асабістая інтанацыя, магія, якая зачароўвае і беспамылкова дзейнічае на людзей рознага ўзроўню, узросту і адукацыі. Яго творчасць – камертон абсалютнага густу і майстэрства ў сучаснай беларускай графіцы.

 

Выстава працуе ў арт-кафэ музея з 14.01.2020 да 17.02.2020 г.

 

Похожие записи

Верх