Выстава “Пра шкло

Screenshot_3

21 лютага 2020 года а 17-й гадзіне ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь адбудзецца адкрыццё выставачнага праекта Вольгі Юр’еўны Сазыкінай “Пра шкло”.

На выставе будуць прадэманстраваны каля 20 твораў са збору аўтара і фондаў Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, некаторыя з якіх – упершыню.

Яе мастацтва – гэта персанальны погляд на ўласнае мінулае і сучаснасць у кантэксце рэальнага часу і месца. Таму, знаходзячыся ў “прасторы ўчынкаў”, Вольга Сазыкіна кожны раз аднаўляе сваё “шчырае выказванне”. Рэалізуючы такім чынам выключную ролю мастака.

Кар’ера мастачкі пачыналася ў эпоху так званага паўторнага адкрыцця і пераасэнсавання гістарычных канцэпцый і культурных традыцый, татальнай пераацэнкі спадчыны авангарднага мастацтва. Акадэмічная адукацыя, што грунтавалася на прынцыпе пераемнасці традыцый, стала для Вольгі Сазыкінай асновай і адпраўным пунктам “узыходжання”. Гэта быў час “дасягнення вяршыні” – час “подзвігу”. Выпускніца Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута (сёння – Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў) спачатку шмат працавала са шклом на базе эксперыментальнай лабараторыі шклозавода “Нёман”, на яе рахунку распрацоўка складаных інавацыйных тэхнік. Гэты перыяд можна назваць эпохай аўтарскага шкла, яркіх творчых пошукаў, канцэптуальных і тэхнічных адкрыццяў. Так, шкло стала прэтэндаваць на статус медыума свабоднага выказвання, пачаўся перагляд межаў звыклых жанраў. 

Праект “Про шкло” вяртае ў нейкую “сваю прастору” Вольгі Сазыкінай. Тут у гледача з’яўляецца магчымасць здзейсніць рытуал углядання (адсылае да прапанаванай Разаліндай Краўс трактоўкі мадэрнізму ў візуальным мастацтве як “імпульсу глядзення” / “the impulse to see”) у аб’екты і прадметы са шкла, укараняючыся ва ўяўны кантэкст іх стварэння. Пытанні экалагічнага раскладу, далікатнасць і вастрыня чалавечага існавання злучаюцца з прыродай матэрыялу. І ў гэтым выпадку мастачка займаецца вывучэннем і пераасэнсаваннем магчымасцей і межаў гэтага матэрыялу, які стаў сродкам разумення навакольнага свету, у роўнай ступені матэрыяльнага і ідэальнага. Свету, які вымяраецца і адчуваецца, захаванага і растворанага ў аб’екце са шкла, што вызначаецца як сродак апавядання. Рухаючыся далей, Сазыкіна працуе з рознымі знакавымі сістэмамі: дэкаратыўнымі праектамі; асэнсаваннем формы, замкнёнай і абмежаванай, праз арганізацыю трохмернай структуры – эфект клеткі, дзе матэрыяльнасць і ілюзорнасць аб’екта патэнцыяльна магчымыя.

Усе праекты Вольгі Сазыкінай так ці інакш звязаны з аспектамі чалавечых адносін: сумненнямі, жаданнямі, уяўленнямі аб ідэальным, а таксама ўяўленнямі аб уласных рэаліях. Яе працы вывучаюць прыроду адносін з навакольнымі аб’ектамі, прадметамі і матэрыяй, якая з’яўляецца іх складнікам. Пошукі мастачкі фарміруюцца праз розныя матэрыялы і злучэнні, такія як метал, камень, пясок і інш. Гэта таксама спосаб даследаваць межы і функцыі таго, што мы вызначаем як сучаснае мастацтва шкла.

Похожие записи

Верх