Паказ спектакля “Паўлінка” ў Наваполацку наведала больш за 610 гледачоў

photo_2020-02-22_15-00-20

Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы паказаў славутую “Паўлінку” ў Наваполацку. Паказ спектакля ў ДК “Нафтан” наведала больш за 610 гледачоў. Сёння разам з паказам на Галоўнай сцэне у Мінску спектаклі Купалаўскага тэатра агулам убачылі больш за 950 гледачоў!

Спектакль “Паўлінка” паводле аднайменнай п’есы славутага беларускага песняра Янкі Купалы ў пастаноўцы Льва Літвінава – сапраўдны сімвал беларускага нацыянальнага тэатра. У багатым рэпертуары Купалаўскага тэатра “Паўлінка” заўсёды стаіць асобна. Найстарэйшы спектакль тэатра карыстаецца вялікай любоўю гледачоў і за доўгія гады свайго існавання ператварыўся ў сапраўдную візітоўку, сімвал Купалаўскай сцэны. Сакрэт такога ўнікальнага поспеху – у спалучэнні яскравых народных характараў, цікавага сюжету, народных песень і танцаў, мілагучнай мовы класіка беларускай літаратуры і выдатнага майстэрства выканаўцаў. За час існавання спектакля ўдзел у ім бралі некалькі пакаленняў найлепшых артыстаў краіны, а сам ён стаў сапраўднай школай сцэнічнага майстэрства. І менавіта гэтай пастаноўкай у Купалаўскім тэатры штогод адкрываецца новы сезон. Прэм’ера спектакля ў пастаноўцы заслужанага дзеяча мастацтваў БССР Льва Літвінава адбылася ў 1944 годзе ў горадзе Томску, дзе тэатр знаходзіўся ў эвакуацыі.

“Паўлінка” заўсёды ўспрымаецца вельмі цёпла, і наваполацкі глядач не стаў выключэннем. Спектакль, які нядаўна быў унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі, напоўнены нацыянальным каларытам і сакавітым народным гумарам.

Наступны гастрольны паказ “Паўлінкі” адбудзецца праз месяц, 22 красавіка на сцэне Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра. 

Похожие записи

Верх