Выстава рускага і беларускага іканапісу XVIII – пачатку XX стагоддзя

Screenshot_1

21.03. 2020 года а 16-й гадзіне ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь адкрываецца выстава рускага і беларускага іканапісу XVIII – пачатку XX стагоддзя з музейных фондаў. Яна прымеркавана да 85-годдзя з дня нараджэння Мітрапаліта Філарэта, ганаровага Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі. Пры яго падтрымцы рэалізоўваліся шматлікія праграмы супрацоўніцтва Беларускай Праваслаўнай Царквы з шэрагам дзяржаўных устаноў, у тым ліку ў галіне духоўнага, маральнага, эстэтычнага выхавання розных сацыяльных груп беларускага грамадства. Гэтай мэце служыць і прапанаваны ўвазе наведвальнікаў музея выставачны праект.

Калекцыя рускага іканапісу ў зборы Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь налічвае каля 300 твораў, якія адносяцца да перыяду канца XVII – пачатку XX стагоддзя. Большасць з іх паступіла ад беларускай мытнай службы, некаторыя вывезены музейнымі экспедыцыямі 1980-х гг., былі перададзены дзяржаўнымі арганізацыямі або прыватнымі асобамі. Спецыфіка фарміравання калекцыі вызначыла прэваліраванне ў ёй ікон, якія з’яўляюцца прадметамі асабістай набожнасці.

На выставе экспануецца каля 60 твораў рускага іканапісу з музейнага збору, створаных у XVIII – пачатку XX стагоддзя. На іконах прадстаўлены вобразы Хрыста, Маці Божай, абраных святых, хрысціянскія святы. У творах іканапісу XVIII – пачатку XIX стагоддзя са збору музея адбіліся асаблівасці творчасці майстроў рускай правінцыі, у якой архаізуючыя тэндэнцыі спалучаліся з прыёмамі рэалістычнага напрамку і еўрапейскага барока. Шэраг стараабрадніцкіх твораў арыентуецца на ўзоры даніканаўскага іканапісу і вызначаюцца тонкасцью мастацкай мовы.

Іконы XIX – пачатку XX ст. дэманструюць разнастайнасць стылявых кірункаў. Некаторыя з іх, якія паходзяць з вядомых іканапісных цэнтраў Палеха, Мсцёры, Холуя, адрозніваюцца высокім узроўнем майстэрства. Уладзімірскія майстры, творчасць якіх знаходзілася ва ўзаемадзеянні з тэндэнцыямі, што развіваліся ў Маскве і Санкт-Пецярбургу, прыцягваліся да выканання заказаў, якія адтуль паступалі. Цікавымі прыкладамі могуць служыць прадстаўленыя на выставе спісы маскоўскай і санкт-пецярбургскіх святынь.

Беларускім Экзархатам Маскоўскага Патрыярхату прадстаўлены прадметы асабістай набожнасці Мітрапаліта Філарэта, панагіі, посахі і літургічныя ўборы, у тым ліку мітра, выкананая ў тэхніцы пляцення з саломы.

Выстава будзе працаваць у Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь па 21 мая 2020 г. па адрасе: вул. Леніна, 20.

Похожие записи

Верх