Спектакль-канцэрт Купалаўскага тэатра «Вельтмайстар-акардэон» пакажуць на VOKA на ўвесь свет

img_6040-_1_

14 красавіка на відэасервісе VOKA адбудзецца сусветны анлайн-паказ спектакля-канцэрта Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы «Вельтмайтстар-акардэон». Пастаноўку можна бясплатна ўбачыць у любой кропцы Беларусі і па-за яе межамі ў рамках спецыяльнага праекта да 100-га сезона тэатра, які праходзіць пры падтрымцы генеральнага партнёра – кампаніі А1. 

У маі 2015 года да 70-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне Купалаўскі тэатр падрыхтаваў спецыяльную канцэртную праграму «Другая сусветная» паводле песень барда Марка Мермана ў пастаноўцы Мікалая Пінігіна. Цікавасць гледачоў да гэтага матэрыялу не згасла, таму спектакль увашоў у рэпертуар, толькі ўжо пад назвай «Вельтмайстар-акардэон» – гэта адна з песень, што гучаць са сцэны ў аранжыроўцы Уладзіміра Кур’яна і ў жывым суправаджэнні тэатральнага аркестра. 

Васямнаццаць музычных гісторый, прысвечаных асобам і падзеям Другой сусветнай вайны, расказваюць акцёры Купалаўскага тэатра: Вікторыя Чаўлытка, Марта Голубева, Зоя Белахвосцік, Юлія Шпілеўская, Ігар Сігоў, Валянціна Гарцуева, Павел Харланчук-Южакоў, Аляксандр Казэла, Віктар Манаеў, Святлана Анікей, Алена Сідарава, Антаніна Дубатоўка. Усе канцэртныя нумары, кожны з якіх ўяўляе з сябе асобны спектакль, выконваюцца на мове арыгіналу – па-руску.

Прамы эфір 14 красавіка будзе даступны ў мабільным прыкладанні VOKA ці на сайце voka.tv з любой прылады і ў сетцы любога аператара Беларусі і іншых краін свету нават без аўтарызацыі. Шматкамерная мастацкая здымка ў высокай якасці дазволіць кожнаму гледачу максімальна паглыбіцца ў атмасферу тэатральнай залы і ўбачыць усё, што адбываецца на сцэне, з розных ракурсаў. Паказ пачнецца а 19-й гадзіне.

Такім чынам Купалаўскі пашырае сваю прысутнасць у інтэрнэт-прасторы. 27 сакавіка ў рамках праекта «Купалаўскі online» сумесна з генеральным партнёрам 100-га сезона кампаніяй А1 і відэасервісам VOKA на ўвесь свет трансліравалася легендарная «Паўлінка», якая сабрала каля 20 000 гледачоў з Азербайджана, Арменіі, Бельгіі, Германіі, Грузіі, ЗША, Ізраіля, Іспаніі, Казахстана, Канады, Латвіі, Літвы, Партугаліі, Польшчы, Расіі, Славакіі, Турцыі, Украіны, Францыі, Японіі і іншых краін. У рамках праектаў «Купалаўскі online» і «Купалаўскі дома» спектаклі, творчыя вечары і спектакль-капуснік Купалаўскага тэатра ўбачылі каля 57 000 гледачоў па ўсім свеце. 

Похожие записи

Верх