“Чытаць я хацеў!”: Купалаўскі тэатр запусціў новы online-праект, у якім артысты дзеляцца сваімі любімымі літаратурнымі творамі

Screenshot_20

Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы працягвае пашыраць сваю прысутнасць у online-прасторы. Пасля паспяховых праектаў “Купалаўскі online” і “Купалаўскі дома”, які ахапіў больш за 65 000 гледачоў па ўсім свеце, Купалаўскі тэатр падрыхтаваў прыемнасць для тых, хто засумаваў па нашым артыстам.

“Чытаць я хацеў!” — гэта серыя чытанняў ад акцёраў тэатра ў  акаўнце Купалаўскага тэатра ў Instagram, далучыцца да якіх можна будзе штовечар а 20.00. Запісы чытанняў таксама будуць даступныя на YouTube-канале тэатра. Кожны дзень з купалаўцамі ў рубрыцы «Чытаць я хацеў!» можна будзе паслухаць творы беларускіх ды замежных пісьменнікаў і паэтаў.
Першае чытанне прайшло 15 красавіка а 20.00 — артыстка тэатра Марта Голубева прачытала ўрыўкі з паэмы «Дзяды» Андрэя Хадановіча. Першае відэа з серыі за адзін вечар убачылі больш за 1 300 чалавек. Шмат удзячнасцяў ад гледачоў мы атрымалі ў каментарах у сацыяльных сетках тэатра і на YouTube-канале. Наступны выхад у эфір з чытаннямі адбудзецца ўжо сёння, 16 красавіка. Павел Харланчук-Южакоў прачытае ўрывак з рамана Андрэя Мрыя “Запіскі Самсона Самасуя”.

Каб не сумаваць дома, Купалаўскі тэатр прапануе далучыцца да чытанняў сваіх улюбёных апавяданняў разам з нашымі артыстамі. Наперадзе — Міхась Зуй, Раман Падаляка з фрагментам кнігі Андрэя Горвата “Прэм’ера”, Антаніна Дубатоўка прачытае некалькі апавяданняў са зборніку Адама Глобуса «Гісторыі пра Мінск і ваколіцы», Павел Паўлюць — “Мяшчане ў густой пары” Кузьмы Чорнага, Яўгенія Кульбачная прачытае ўрывак з п’есы “Сляпая зорка” Мікалая Рудкоўскага, Андрэй Кавальчук прадставіць фрагмент паэмы “Сымон музыка” Якуба Коласа.

Далучайцеся і слухайце штовечар ў Instagram і YouTube Купалаўскага тэатра, разам весялей!

Instagram: @kupalauski

YouTube: https://www.youtube.com/channel/UCgaEda4qaOMoqlhzN5cj1bw

 

Усе падрабязнасці шукайце на сайце kupalauski.by і ў сацыяльных сетках тэатра.

 

Похожие записи

Верх