Упершыню часопіс “Купалаўскі” даступны анлайн

Screenshot_1

Другі нумар часопіса “Купалаўскі” выйшаў у свет. Упершыню стала даступная электронная версія часопіса Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы, якую можна набыць анлайн. “Купалаўскі” – гэта першы ў Беларусі часопіс, які выдаецца першым драматычным тэатрам краіны. “Купалаўскі” – адзінае тэатральнае выданне, якое можна прачытаць бескантактава.

Для ўсіх аматараў Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы і тэатральнага мастацтва, якія прызвычаіліся чытаць “Купалаўскі”, гартаючы яго старонкі, у тэатральнай друкарні выдадзены і папяровы наклад часопіса.

Часопіс “Купалаўскі” з’яўляецца чарговым новым праектам Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы і прымеркаваны да 100-годдзя з моманту стварэння галоўнага драматычнага тэатра Беларусі. У другім нумары часопіса “Купалаўскі” чытачы змогуць пазнаёміцца  з займальным экскурсам у мінулае, цікавымі гісторыямі пра Аляксандраўскі сквер, эксклюзіўнымі інтэрв’ю, а таксама любімай многімі рубрыкай “Карацелька” з гісторыямі ад народнага артыста СССР і Беларусі Генадзя Аўсяннікава і іншымі цікавымі матэрыяламі.

Часопіс “Купалаўскі” у электроннай версіі можна набыць праз анлайн-аплату і атрымаць асобнік на электронную пошту. Друкаваную версію часопіса можна таксама аплаціць анлайн з паштовай дастаўкай да месца пражывання альбо працы.

Для набыцця часопіса вам неабходна зрабіць перавод кошту часопіса на рахунак тэатра як адвольны плацёж. Кошт электроннай версіі – 3 беларускіх рублі, друкаванай версіі – 6 беларускіх рублёў.

 

Рахунак тэатра:

Банк-атрымальнік: ААТ «БПС-Сбербанк», г. Мінск

Нумар рахунка: BY43BPSB30121029400139330000

УНП 100377901

Код банка: BPSBBY2Х

Прызначэнне плацяжу: часопіс.

Чэк аб аплаце неабходна даслаць на электронны адрас kulikovskaya@kupalauski.by. Калі вы набылі электронную версію, мы дашлем вам яе зваротным электронным лістом. Калі вы набылі друкаваную версію, мы адправім ваш часопіс па пошце на пазначаны ў лісце адрас.

Пра другі нумар часопіса: Часопіс “Купалаўскі” ствараецца з любоўю для ўсіх гледачоў і аматараў тэатральнага мастацтва, якія цікавяцца 100-гадовай гісторыяй і сучасным жыццём галоўнага драматычнага тэатра краіны. У другім нумары мы расказваем пра тыя падзеі, якія рознакаляровымі аблокамі праносяцца па-над тэатрам, і таму таксама вокладку часопіса аздабляе карціна славутага беларускага мастака Адама Глобуса пад назвай “Воблака над тэатрам Янкі Купалы”. Наш тэатр стаіць на скрыжаванні гісторыі, і мы сабралі для вас найцікавейшыя і найважнейшыя з гэтых падзей-аблокаў. Яны даюць нам адчуванне палёту, і гэтым адчуваннем мы хочам дзяліцца з нашымі чытачамі. У другім нумары мы раскажам пра бурапенныя дваццатыя гады і словы, з якіх пачаўся Беларускі дзяржаўны тэатр, прадставім эксклюзіўныя інтэрв’ю (госці нумара – рэжысёр-харэограф спектакля “En souvenir de Шагал” Сяргей Зямлянскі і купалавец, акцёр-рэжысёр Раман Падаляка), вялікі аповед пра таямніцы Аляксандраўскага скверу (наша месца тэатральнай сілы) і працяг карацелек ад Генадзя Сцяпанавіча Аўсяннікава (гэтым разам ён раскажа пра свае шабутныя студэнцкія гады).

І гэта – толькі пачатак, бо ўсё цікавае мы пакінем на старонках часопіса, каб наша віртуальная сустрэча з вамі стала прыемнай неспадзяванкай і не дала вам сумаваць дома!

Беражыце сябе і сваіх блізкіх, чытайце “Купалаўскі” і да сустрэчы!

 

Похожие записи

Верх