У цэнтры Віцебска адкрылася выстава «Мастак і горад. #100 UNOVIS»

7

15 верасня ў Віцебску на вуліцы Суворава адкрылася штогадовая выстава «Мастак і горад». У гэтым годзе ў гарадской прасторы размясціліся 32 працы 16 сучасных віцебскіх мастакоў – паслядоўнікаў творчага аб’яднання УНОВІС. Праект «Мастак і горад» стартаваў дзявяты год запар, і ў гэтым сезоне ўпершыню адкрыццё праходзіла ў два этапы: у маі выставу прэзентавалі анлайн, а цяпер яна з’явілася і пад адкрытым небам.

Разнастайнасць індывідуальных стыляў, жыццёвых цыклаў і біяграфій мастакоў, тых праблем, якія яны ўздымаюць, – усё гэта знаходзіць сваё адлюстраванне ў экспазіцыі 2020 года. На выставе можна знайсці амаж квадрату Малевіча, скульптурныя інсталяцыі гарадской тэматыкі, намаляваныя элементы японскага адзення і нават абрысы арак рымскага Калізея.

1

«Стогадовы юбілей творчага аб’яднання УНОВІС – гэта з’ява, якую мы змаглі зрабіць сапраўдым нацыянальным здабыткам. Таксама нацыянальны здабытак нашай краіны – гэта мастацтва, людзі, якія ствараюць, – адзначае дырэктар музея «Віцебскі цэнтр сучаснага мастацтва» Андрэй Духоўнікаў. – Гэты праект мне падабаецца сваёй прастатой і дэмакратычнасцю: не трэба ісці ў музей – дастаткова проста прайсці па вуліцы, каб пазнаёміцца ​​з творчасцю вельмі таленавітых беларускіх мастакоў».

Адкрыццё выставы «Мастак і горад» – другое ў гэтым сезоне. У сярэдзіне мая арганізатары прадставілі праект анлайн на віртуальнай плошчы Якуба Коласа ў Мінску. Дарэчы, тур па-ранейшаму даступны для ўсіх жадаючых на сайце праекта higminsk.by. З 15 верасня выстава вярнулася ў звыклы афлайн-фармат пад адкрытым небам.

«Мы рады, што праект выходзіць у гарадскую прастору. Падарожжа выставы па Беларусі пачынаецца з Віцебска, што гістарычна апраўдана. Віцебск – адзін з цэнтраў мастацкага авангарда, месца прапіскі/рэгістрацыі УНОВІСа. Прадстаўленая экспазіцыя – кропка перасячэння авангарднага мінулага і сучаснага мастацтва Віцебска», – падзялілася Аксана Багданава, дырэктар Мемарыяльнага музея-майстэрні З. І. Азгура.

Выставачны праект штогод падтрымліваецца Мінскім гарадскім выканаўчым камітэтам, сёмы год запар генеральным партнёрам выступае банк ВТБ (Беларусь).

«З кожным годам «Мастак і горад» развіваецца: прыносіць новыя творчыя актыўнасці і фарматы, падарожнічае па абласных цэнтрах і папаўняецца работамі беларускіх жывапісцаў. У праекта ўжо багатая гісторыя. Кожны год ён адкрывае беларусам новыя імёны нашых мастакоў. За сем гадоў падтрымкі мы назіраем, як расце колькасць пастаянных наведвальнікаў выстаў, што сочаць за праектам гадамі, можна сказаць, праходзяць гэты шлях развіцця разам з намі», – падкрэсліў значнасць праекта для жыхароў краіны старшыня праўлення банка ВТБ (Беларусь) Сяргей Суслапараў.

6

Наведаць на вуліцы Суворава ў Віцебску выставу, прысвечаную 100-годдзю УНОВІСа, і пранікнуцца творчасцю віцебскіх мастакоў, аб’яднаных ідэямі супрэматызму, можна на працягу месяца. 15 кастрычніка экспазіцыя пераедзе ў Мінск на плошчу Якуба Коласа.

 

 

Похожие записи

Верх