«Луч» выпусціў гадзіннікі, прысвечаныя вядомаму акцёру і рэжысёру Фларыяну Ждановічу

1

Мінскі гадзіннікавы завод «Луч» выпусціў лімітаваную калекцыю гадзіннікаў «Асоба». Яна прысвечана аднаму з заснавальнікаў беларускага прафесійнага тэатра, акцёру і рэжысёру Фларыяну Ждановічу.

Новая калекцыя налічвае 100 асобнікаў. У кожнага ёсць свой парадкавы нумар, ён змешчаны з адваротнага боку гадзінніка. Адзін асобнік завод перадаў у якасці экспаната ў Музей гісторыі тэатральнай і музычнай культуры – там ёсць асобная экспазіцыя, прысвечаная Фларыяну Ждановічу.

Характэрна, што цыферблат выкананы ў колеры заслоны Купалаўскага тэатра – глыбокім бардовым. Так дызайнеры вырашылі звязаць гісторыю і сучаснасць беларускага тэатра. Менавіта пад кіраўніцтвам Фларыяна Ждановіча ў 1920 годзе адкрыўся Беларускі дзяржаўны тэатр (цяпер Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы), дзе ён быў мастацкім кіраўніком і акцёрам.

4

Малюнак тэатральнай заслоны на гадзінніку ўзяты з вокладкі кнігі, дзе ўпершыню была апублікавана п’еса Янкі Купалы «Паўлінка», пастаўленая Ждановічам. Цыферблат таксама ўпрыгожваюць рымскія лічбы, тэатральны бінокль і маскі.

Корпус гадзінніка з сапфіравым сферычным шклом зроблены з нержавеючай сталі, яго дапаўняе класічны чорны раменьчык з натуральнай скуры. Мадэль мае ахову ад вільгаці. У гадзінніках усталяваны японскі кварцавы механізм MIYOTA.

Класічная гарнітурная мадэль вытрымана ў рамках тэатральнага дрэс-коду. Форма корпуса нагадвае пра эпоху мадэрну, менавіта на гэты час прыпадае перыяд актыўнай творчасці рэжысёра.

3

– Калекцыя «Асоба» створана, каб нагадаць беларусам пра імёны дзеячаў культуры і мастацтва, якія аказаліся незаслужана забытымі. Гадзіннікі, прысвечаныя Фларыяну Ждановічу, ужо другія з калекцыі «Асоба». У снежні 2019 года завод выпусціў абмежаваную серыю гадзіннікаў па матывах работ самабытнай беларускай мастачкі Алены Кіш, – расказвае Іван Краўчэня, арт-дырэктар Мінскага гадзіннікавага завода.

Уладальнікі новай ліміткі будуць прыемна здзіўлены, бо дадаткам да пакупкі становіцца запрашэнне на дваіх у музей Мінскага гадзіннікавага завода. Гэта добрая магчымасць пазнаёміцца з гісторыяй вытворчасці і даведацца, як ствараюцца гадзіннікі.

Гадзіннікі новай калекцыі «Асоба» даступныя для замовы на сайце Мінскага гадзіннікавага завода. Па адным выставачным асобніку прадстаўлена ў фірменных крамах «Луч» па адрасе: г. Мінск, пр. Незалежнасці, 18 і 95.

Мінскі гадзіннікавы завод працягвае конкурс дызайну гадзіннікаў для калекцыі MUST ART, у якім можа прыняць удзел любы жадаючы. Работа пераможцы будзе выпушчана з дапамогай каманды Мінскага гадзіннікавага завода ў выглядзе лімітаванай калекцыі MUST ART 2021.

ДАВЕДАЧНА:

Фларыян Ждановіч (1884–1937) – вядомы беларускі акцёр, рэжысёр. Яго лічылі смелым рэфарматарам сцэны, ён шырока выкарыстоўваў у пастаноўках народную музыку, спевы, арганізаваў першыя пастаноўкі беларускай драматургічнай класікі. Шырокі акцёрскі дыяпазон Ждановіча дазваляў ствараць яркія сцэнічныя вобразы.

Похожие записи

Верх