Яўген Харытоненка. Да 100-годдзя з дня нараджэння

7087878_96857476

З 14 студзеня па 14 лютага 2021 года ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь праходзіць персанальная рэтраспектыўная выстава “Яўген Харытоненка. Да 100-годдзя з дня нараджэння”, дзе дэманструюцца 38 твораў жывапісу са збору Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь і Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў Рэспублікі Беларусь, з фондаў Беларускага саюза мастакоў і Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва, з калекцыі сям’і мастака.

У экспазіцыі таксама прадстаўлены два партрэты майстра, створаныя яго сябрамі-мастакамі – Міхаілам Бараянцам і Людмілай Сямыкінай, што належаць сям’і Харытоненка, і фотаздымкі (і фотакопіі) Яўгена Харытоненкі розных гадоў з сямейнага архіва і фондаў Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва.

На выставе ўмоўна можна вылучыць раздзелы: “Я, зноў я, мая сям’я, мае сябры”, “Малымі крокамі да вялікага мастацтва”, “Дапытлівыя”, “Блізкія па духу”, “Славу саслужылі радзіме”, “Чырвоны – колер жыцця і захаплення”.

Яўгена Міхайлавіча Харытоненку (1920–1998) можна ахарактарызаваць як “вядомага-невядомага”. Выпускнік Кіеўскага мастацкага інстытута з адзнакай ён уславіў беларускае савецкае мастацтва. Асабістая творчасць ніколькі не перашкаджала выкладчыцкай дзейнасці.

У сценах Мінскага мастацкага вучылішча, а пазней і Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута ён выхаваў не адно пакаленне майстроў. Пейзажы, нацюрморты, сюжэтна-тэматычныя карціны – усё было падуладна яго пэндзлю. Але асабліва яркай старонкай жыцця ў мастацтве сталі партрэты, а ў дзіцячых партрэтах талент мастака загучаў ва ўсю моц. Бо за кожнай фізічнай абалонкай тоіцца асоба, якую хочацца разгледзець і спасцігнуць.

Куратар выставы – Анастасія Карнейка, старшы навуковы супрацоўнік аддзела сучаснага беларускага мастацтва.

Похожие записи

Верх