Міхас Філіповіч. Выстава “Лёс мастака”

филиппович

4 лютага ў Нацыянальным мастацкім музеі, у дзвюх сярэдніх залах першага паверха асноўнага корпуса, адкрываецца выстава “Лёс мастака”, прысвечаная 125-годдзю знакамітага беларускага майстра Міхася Філіповіча (1896–1947). Яна ўтрымлівае каля 150 твораў жывапісу, графікі, скульптуры з мінскіх музеяў і прыватных збораў, фотаздымкі і выданні.

Міхась Мацвеевіч Філіповіч – самы яркі, своеасаблівы і нацыянальны, выключна пладавіты, шмат у чым унікальны беларускі мастак, асноўны перыяд творчасці якога прыпаў на 1920-я – першую палову 1930-х гадоў. Дзясяткі наяўных работ Філіповіча – малая частка створанага ім. І ўсё ж для беларускага мастака тых часоў спадчына яго захавалася на рэдкасць поўна і разнапланава, што дазваляе непасрэдна бачыць развіццё і перыпетыі яго творчага лёсу. Жыўшы ў пераходную, багатую на розныя мастацкія новаўвядзенні эпоху канца XIX – першай трэці XX стагоддзя, Міхась Філіповіч скарыстаў іх у сваёй творчасці амаль усе. Часам сплаўляліся, часам гучалі сольна ў яго творах мадэрн, постімпрэсіянізм, футурызм, супрэматызм, фавізм, экспрэсіянізм, неарэалізм, імпрэсіянізм.

Ураджэнец Мінска, сірата з ранняга дзяцінства, Філіповіч знайшоў другі дом у сям’і свайго дзядзькі-каваля Фадзея Гурскага. Вучыўся ў мінскім рэальным вучылішчы, якое было падчас Першай сусветнай вайны эвакуіравана ў Яраслаўль. Першымі настаўнікамі малявання былі К. Ермакоў і Д. Полазаў. Потым вучыўся ў Маскве – у прыватнай студыі А. Хатулёва, у Свабодных мастацкіх майстэрнях (пазней “ВХУТЕМАС”) у К. Каровіна. Але галеча не дазволіла атрымаць адукацыю, і ў 1921 годзе юнак вяртаецца ў Мінск, дзе распачынае вельмі актыўную творчую, выставачную, музейную дзейнасць, з’яўляючыся загадчыкам мастацкага аддзела знакамітага БДМ (Беларускі дзяржаўны музей). У 1925–1930 гадах атрымалася працягнуць навучанне ў “ВХУТЕМАСе” / “ВХУТЕИНе”. Вяртанне на Беларусь супала са зменай грамадска-палітычнага курса на радзіме, таму мастак змушаны быў ізноў паехаць у Маскву. Так паміж Мінскам і Масквой і праходзіла яго жыццё.

На працягу амаль усяго творчага чвэрцьвекавога шляху Міхась Філіповіч актыўна працаваў, але найбольш каштоўнымі для нацыянальнага мастацтва выпала стаць работам, якія былі створаны на пачатку гэтага шляху – “На Купалле”, “Казачны сюжэт”, “Карагод”, “Духаў манастыр”, “Стары беларус з люлькай”, “Бітва на Нямізе”, “Жанчына ў намітцы”, “Стары пастух з трубой”, “Народнае гулянне” і некаторыя іншыя. Яны, як кажуць, увайшлі ў скарбонку мастацтва Беларусі, у годнай мастацкай форме выяўляючы розныя грані жыцця і гісторыі краіны, нацыянальнага духу, не будучы нацыянальна абмежаванымі.

Похожие записи

Верх