Выстава “Фелікс Гумен. Класіка і эсперыменты. Да 80-годдзя майстра акварэлі”

7968

17 чэрвеня 2021 года пачне работу выстава “Фелікс Гумен. Класіка і эсперыменты. Да 80-годдзя майстра акварэлі”, прысвечаная юбілею выдатнага віцебскага акварэліста.

У калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь захоўваецца 317 акварэлей Фелікса Гумена, з іх 300 майстар падарыў музею ў 2014 годзе. 

На выставе прадстаўлена больш за 70 жывапісных твораў майстра і яго вучняў. Большая частка твораў будзе дэманстравацца ўпершыню ў раздзелах “Казачны Віцебск Гумена”, “Кветкі, плады і іншае”, “Дыялог з прыродай”, “Прастора эксперымента”. 

Фелікс Гумен – выдатны акварэліст Беларусі, яркая асоба ў нацыянальнай школе графікі, безумоўны лідар унікальнага феномена віцебскай акварэльнай школы другой паловы ХХ стагоддзя. 

Дзякуючы свайму таленту і творчай апантанасці, мастак змяніў статус акварэлі з інтымнай прыкладной тэхнікі да класічных тэхнік, такіх як жывапісная станковая карціна, зрабіўшы графічны твор самакаштоўным.

Ён – прыроджаны каларыст. Яркі, сакавіты колер, жывапісны тэмперамент, магутная энергія, вітальнасць – стыхія і характар тварца. Стыль Гумена ярка індывідуальны. Яго работы напоўнены бурлівай радасцю жыцця, любоўю да навакольнага свету, прыроды краю і Віцебска – горада, які стаў родным.

Другая частка выставы – даніна павагі, своеасаблівы амаж майстру ад вучняў – вядомых беларускіх акварэлістаў Валянціны Напрэенка-Ляховіч (Віцебск), Мікалая Аўчыннікава (Маладзечна), Фёдара Кісялёва (Магілёў), Міхаіла Міронава, Уладзіміра Рынкевіча, Міхаіла Свістунова, Алены Сеслікавай, Мікалая Мішчанкі (Мінск). Іх творы паказаны побач з шэдэўрамі майстра.

Заслуга Фелікса Гумена як настаўніка бясспрэчная. Дванаццаць гадоў майстар вучыў моладзь мастацка-графічнага факультэта Віцебскага педагагічнага факультэта разнастайнасці прыёмаў акварэлі, быў кумірам студэнтаў і выхаваў цэлую плеяду таленавітых акварэлістаў, кожны з якіх мае свой твар. Больш за сорак яго вучняў і паслядоўнікаў сталі сябрамі Беларускага саюза мастакоў; яны жывуць у розных гарадах і працягваюць эстафету – нясуць любоў і апантанасць, выхаваную Гуменам, ужо сваім вучням.

Майстар-легенда заўсёды знаходзіцца ў творчым пошуку, пастаянна эксперыментуе і рухаецца наперад. Акрамя тэхнікі “па-мокрым”, змывак, ён прыдумвае разнастайныя прыёмы работы, падпарадкоўваючыся матэрыялу. Навацыі “непрывычнага” Фелікса Гумена, якія адлюстроўваюць яго цікавасць да філасофіі, эмацыянальнай сферы чалавечага быцця, касмагоніі, займаюць значнае месца на выставе і будуць паказаны ў Мінску ўпершыню.

У рамках выставы пройдуць лекцыі і майстар-класы па акварэлі. Сачыце за рэкламай на сайце музея.

Работа выставы будзе доўжыцца па 11 ліпеня 2021 года

Куратары выставы: вядучы навуковы супрацоўнік Надзея Усава, старшы навуковы супрацоўнік Анастасія Рубашная

 

Похожие записи

Верх